Хіба вы вінаватыя ў тым, што некаторыя грамадзяне хочуць паглядзець свет? Даведацца, якога колеру сукно на сталах, на якіх гуляюць у блэк-джэк у аўстрыйскіх казіно і які снег на швейцарскіх гарналыжных курортах. Чым наогул Швейцарыя адрозніваецца ад Баяраў і чаму ў Давос ляцяць з усяго свету, а ў Плешчаніцы толькі экстрэмалы.

Што за кухня ў сербскіх гатэлях і як пахне паветра ў ваколіцах Сочы. Ці праўда што там вакол блакітныя елкі?

Хіба вы, міністр, вінаватыя ў тым, што

маё дзіця хоча наведаць літоўскі аквапарк, падарыць буквар Папе Рымскаму і даведацца, як выглядаюць Баку і Ерэван?

Вядома, ёсць тэлевізар, што з яго аўтарытэтна вяшчаюць, як пільнаваць, на каго абурацца і ад чаго адхрышчвацца. Але дзіцяці не растлумачыш, тым больш, што яно расце і хоча ўсё сам, неадкладна і адначасова: паціснуць руку вялізнаму плюшаваму Мікі Маўсу ля ўваходу ў парыжскі Дыснэйлэнд, аранжавую ракавінку-рапана і белы айфон. Як яму перакажаш шум Ніягарскага вадаспаду, шолах пяску ў пустыні Сахара, смак рыбы, толькі што вылаўленай у Індыйскім акіяне? Якімі словамі перадаць закат на Кубе, прыбой на Балі і хамсін ў Тэль-Авіве. А музыка? Самба ў Рыа-дэ-Жанейра, танга ў Буэнас-Айрэсе, дыксіленд у Новым Арлеане…

Хіба вы вінаватыя ў тым, што з-за чарнобыльскай аварыі здароўе нацыі неабходна ўмацоўваць не на Мінскім моры і нават, не пабаюся гэтага слова, у Драздах?

Якому ідыёту не зразумела, што міністр эканомікі зусім не абавязаны гэта ведаць? Ягоныя адукацыя і ўвесь досвед шматгадовай працы накіраваныя на іншае. Так што, якія прэтэнзіі да Вас? Няма чаго апраўдвацца!

Няма пытанняў і да Нацыянальнага банка. Хіба Галоўны Банк Краіны выпускае зялёныя паперкі з партрэтамі асоб відавочна неславянскай нацыянальнасці і надпісам «І ў Бога мы верым»? Тыя самыя паперкі, з-за якіх некаторыя

пакінулі сем’і, перасяліліся ў памяшканні Беларусбанка і жывуць пад электроннымі табло з курсамі абмену валют паўнавартасным жыццём, сняданкам, вячэрай, зрэдку ходзячы ў прыбіральні, перыядычна робячы скандалы, міжсабойчык, пераклічкі і захопы закладнікаў.

Можа Нацыянальны банк нясе адказнасць за маўклівыя гулянні па серадах і масавыя апладысменты ў адрас прэс-сакратара ГУУС, намесніка начальніка гарадской міліцыі і міністра юстыцыі? Ніхто і не асмеліцца вінаваціць яго супрацоўнікаў.

Няма прэтэнзій і да міністэрства сельскай гаспадаркі. Крупы і макароны ўжо забаронена вывозіць, а прэтэнзій няма.

Да «Белнафтахіму» таксама няма пытанняў. Нафту здабываюць у Венесуэле, а бензін з гэтай нафты прадаюць на нашых запраўках. Так што ўсе пытанні ў ОПЕК.

Камуналка даражэе з 1 ліпеня, прэтэнзій няма — на плошчы дыскатэка.
Па горадзе раз’язджае святочная моладзь на БТР.

Ёсць пытанні да міністра адукацыі. Ён зараз пайшоў на павышэнне, але пытанні ўсё-роўна застаюцца.

— Вы не ведаеце, выпадкова, чаму так шмат народу нецэнзурна лаяцца?

Зрэшты, можна і не адказваць. Мы — людзі адказныя, разумеем. Серада, вуліца, школа, інтэрнэт, хераносец Зімоўскі, парнограф Чаргінец…

А вось з аўтобуса з’явілася доўгачаканая група ў чорных берэтах і задае пытанні, на якія прыходзіцца адказваць абавязкова.

Дзе жывяце, працуеце, ці прыцягваліся раней да адміністрацыйнай адказнасці, ці бераце ўдзел у грамадскіх арганізацыях і ці прызнаеце сябе вінаватым?

Не трэба прасіць прабачэння, гэта не дапаможа. Распішыцеся тут і тут, што з вашых слоў запісана дакладна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?