Нечаканая заява Аляксандра Лукашэнкі, які раптоўна паведаміў пра мяркуемы $6-мільярдны крэдыт толькі заблытала сітуацыю на валютным рынку. «Я толькі што размаўляў з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. Ён патэлефанаваў мне. У нас ідуць перамовы з Расіяй Федэрацыяй аб прадастаўленні стабілізацыйнага крэдыту на падтрыманне курсу беларускага рубля. Па ўсіх перамовах яны гатовыя да таго, каб тэрмінова, калі гэта трэба, і не тэрмінова, калі гэта нам не трэба, адрэагаваць на гэта. І гэта прыкладна $3,1 мільярда, калі мы, вядома, будзем падпісваць з імі адпаведнае пагадненне», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Расійскі крэдыт — ледзь не апошняя надзея Лукашэнкі на выратаванне эканомікі ад абвалу.
Але нагадаем, што менш за тыдзень таму міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын растлумачыў, што яго краіна не збіраецца выдзяляць Беларусі дзяржаўны крэдыт. Ён параіў Лукашэнку заняцца прыватызацыяй, удакладніўшы, што адзіная магчымая дапамога сёлета — з Антыкрызіснага фонда ЕўрАзЭС памерам $1 мільярд. На такія самыя крэдыты Беларусь нібыта можа разлічваць і ў 2012, і ў 2013 годзе. Лукашэнка мог выдаць жаданае за сапраўднае — і ў яго прамове, і ў словах Кудрына праскокваюць лічба ў $3 мільярды, але іх тэрмін іх выдачы няпэўны.

Але Аляксандр Лукашэнка загаварыў яшчэ і пра нейкія дадатковыя мільярды: «Прыкладна $3 мільярды — гэта будучыя продажы нашых тавараў. Нас гатовыя пракрэдытаваць». Гэтая заява кіраўніка Беларусі знаходзіцца па-за межамі разумення эканамістаў.

«У любым выпадку крэдытуюць пакупніка, а не прадаўца», —
разводзіць рукі эканаміст Сяргей Чалы.

Ці быў насамрэч званок з Крамля? Расійскі бок пацвердзіў факт размовы, але абмежаваўся сціслай інфармацыя: «Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся меркаваннямі па ключавых тэмах двухбаковай павесткі дня».

Адзін з магчымых варыянтаў раптоўнай дабрачыннасці Мядзведзева і Пуціна быў «зліты» крыніцай у расійскім кіраўніцтве агенцтву «Інтэрфакс». Ён зводзіцца да мяркуемага продажу Расіі кантрольнага пакета акцый «Белтрансгаза».
Нагадаем, што «Газпром» на працягу 2007–2010 гадоў выкупіў 50% акцый «Белтрансгаза» за $2,5 мільярда.

Апроч таго,

словы Лукашэнкі наконт памеру крэдыта падазронна нагадваюць ранейшыя заявы Уладзіміра Пуціна наконт крэдыта на будаўніцтва беларускай АЭС.
Там таксама фігуравалі загадкавыя $6 мільярдаў.

Заява Лукашэнкі ў любым выпадку не ўмацавала беларускі рубель.

Курс абмену даляра на prokopovi.ch пасля «прызнання» кіраўніка Беларусі толькі падняўся.
На дадзены момант ён дасгянуў 6 тысяч рублёў за даляр.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?