Нацыянальны банк не будзе прадаваць валюту камерцыйным банкам для абменных пунктаў. Пра гэта паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка, каментуючы рашэнне аб новых правілах продажу замежнай валюты на наяўным рынку.

«Нацыянальны банк не будзе прадаваць валюту і чапаць свае золатавалютныя рэзервы. Банкі змогуць купіць валюту (для абменных пунктаў. — БелаПАН.) там, дзе захочуць — на біржавым або пазабіржавым рынках», — заявіў БелаПАН прадстаўнік Нацбанка.

Ён зазначыў, што рашэнне аб адмене рэкамендацыйных абмежаванняў прынята ў сувязі з наяўнай сітуацыяй на наяўным валютным рынку, а таксама для выхаду на адзіны курс беларускага рубля.

«Гэтае рашэнне было прынята па некалькіх прычынах. Па-першае, ставіцца задача выйсці на адзіны курс беларускага рубля на ўсіх сегментах валютнага рынку. Па-другое, не спадае ажыятажны попыт насельніцтва на валюту, якое імкнецца купіць яе без бачных на тое прычын», — растлумачыў прадстаўнік Нацбанка.

У галоўным банку краіны спадзяюцца на тое, што адмена рэкамендацыйных абмежаванняў дазволіць ліквідаваць чорны валютны рынак, які ўтварыўся ў сувязі з дэфіцытам валюты на наяўным рынку. Там таксама лічаць, што адмена абмежаванняў на валютным рынку дазволіць збіць ажыятажны попыт насельніцтва на валюту.

«Нават калі банкі выставяць курс з разліку чатыры тысячы рублёў за долар, то насельніцтва задумаецца, ці патрэбна валюта па такім курсе», — мяркуюць у Нацбанку.

11 мая Нацыянальны банк адмяніў рэкамендацыйныя абмежаванні па ўстанаўленні банкамі курсаў здзелак па куплі-продажы замежнай валюты з насельніцтвам. Раней курс абмену валют на наяўным рынку, згодна з рэкамендацыямі Нацбанка, не перавышаў афіцыйны больш чым на 2%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?