У блогу гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута з’явіўся ліст з турмы. Яго размясціла ягоная жонка. Самога журналіста, што кінуў выклік КДБ, абвінавацілі ў абразе прэзідэнта і паклёпе на яго і «закрылі». Вось тэкст ліста.
Вечар. Сукамернік Толя, якога судзяць за махлярства, піша працяг «Маўглі», і вельмі перажывае, што яго можа падмануць выдавец, я ж пішу вам ліст. Андрэй Пачобут напісаў з турмы.

Вы напэўна за мяне перажываеце? А я перажываю за вас. Ці не запалохаў вас мой пацярпелы? Ці не паламаў? У мяне тут усё ў парадку. У турме як у турме. Да тутэйшай рэчаіснасці я хутка адаптаваўся. Час забіваю чытаннем кніг (дзякуй Арлову) і фізічнымі практыкаваннямі. Так як басейн тут не паложаны, абмяжоўваюся спартанскімі: адцісканні, практыкаваннямі для прэса, прысяданнямі… У выніку цела гудзіць. Дзякуй за віншаванні з Днём нараджэння. У такіх умовах мне яго святкаваць яшчэ не даводзілася. Усё было сціпла і па-спартанску. Але свята было, былі віншаванні і нават сціплы падарунак ад сукамернікаў.

Лісты пішу рэдка.

Паколькі пісаць ва ўмовах цэнзуры не прывык.

Толькі тут зразумеў, якія пачуцці апаноўваюць работнікаў дзяржаўных СМІ, калі нельга напісаць самае цікавае таму, што цэнзура не прапусціць. Розніца толькі ў тым, што мяне сюды «закаталі», а яны самі добраахвотна апранулі нашыйнікі. Але хвалявацца за іх не будзем, кожнаму свой лёс належыць

З нецярпеннем чакаю суда, думаю ён будзе вельмі вясёлым і нават камедыйнай падзеяй. Фінал яго, вядома ж, вядомы, але гэта той выпадак, калі вынік менш важны чым працэс.

Увогуле, ўдачы! Поспехаў! Веры!

poczobut.livejournal.com.

* * *

Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут быў арыштаваны роўна месяц таму, 6 красавіка, і змешчаны пад варту.

Супраць журналіста заведзеныя адразу дзве крымінальныя справы: абвінавачванне ў абразе Лукашэнкі (частка І, артыкула 368 Крымінальнага кодэксу) і ў паклёпе на яго (частка І, артыкул 367 КК). Гэта звязана з публікацыямі ў «Gazece Wyborczaj» і блогах Андрэя Пачобута.

З 2006 года А. Пачобут з’яўляецца карэспандэнтам «Gazety Wyborczej» на Беларусі. У 2005 годзе супраць яго ўжо была заведзена крымінальная справа. 2 гады ён меў забарону на выезд з Беларусі. Аднак у 2007 годзе справа была закрытая «у сувязі з адсутнасцю склада злачынства».

Ад 2005 году Пачобута неаднаразова затрымлівала міліцыя, ён атрымліваў штрафы і быў адміністрацыйна арыштаваны за сваю актыўную грамадскую пазіцыю.

Андрэй Пачобут акрамя працы у «Газэце Выборчай» і СПБ займаецца гісторыяй спецслужбаў СССР і ўзброенага антысавецкага супраціву на нашых землях, асабліва цікавіцца дзейнасцю АК.

Жанаты, мае 10-гадовую дачку і сына, якому адзін год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?