Карэспандэнтам газеты The New York Times у Маскве Кліфарду Леві і Элен Бары ў панядзелак была прысуджаная Пулітцэраўская прэмія ў намінацыі «Асвятленне міжнароднага жыцця» за артыкулы пра праблемы судовай сістэмы ў Расіі, якія «спрыялі развіццю абмеркавання гэтай тэмы ўнутры краіны».

У гэтай намінацыі Леві і Бары перамаглі сваю калегу з The New York Times Дэбару Сонтаг з яе рэпартажамі пра наступствы землятрусу на Гаіці і групу журналістаў The Wall Street Journal, якія пісалі пра пазыковы крызіс у Еўропе, паведамляе Associated Press.

Прэмію ў самай прэстыжнай намінацыі «За заслугі перад грамадствам» атрымала газета The Los Angeles Times, якая апублікавала вялікі артыкул пра карупцыю ў каліфарнійскім горадзе Бэл, дзе мясцовыя чыноўнікі прызначылі сабе велізарныя заробкі. Пасля гэтай публікацыі ў кіраўніцтве горада адбыліся сур’ёзныя кадравыя перастаноўкі, а былому мэру і яго паплечнікам пагражае турма.

Пулітцэраўскую прэмію ўручаюць у ЗША з 1917 году. Яна з’яўляецца адной з самых прэстыжных журналісцкіх узнагародаў.

У намінацыі «Найлепшае расследаванне» ўзнагароду атрымала журналіст газеты Sarasota Herald-Tribune Пэйдж Джон за артыкул пра злоўжыванні на рынку нерухомасці ў Фларыдзе.

У намінацыі «Найлепшы нацыянальны рэпартаж» перамаглі журналісты Джэсі Айзінгер і Джэйк Бернштэйн з выдання ProPublica, якія з’яўляюцца аўтарамі матэрыялаў пра злоўжыванні на Уол-Стрыт.

У намінацыі «Найлепшы лакальны рэпартаж» прэмію атрымалі журналісты The Chicago Sun-Times за серыю рэпартажаў пра злачыннасць у Чыкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?