У гэтым годзе на дзіцячай чыгунцы будуць курсіраваць два цягнікі з шасці вагончыкаў кожны. Маршрут іх руху застанецца ранейшым і будзе праходзіць са станцыі «Заслонава» праз станцыю «Піянерская» да станцыі «Сасновы Бор» і назад. Акрамя асноўных паслуг дзіцячая чыгунка будзе традыцыйна аказваць і дадатковыя. Тут можна будзе заказаць святочны маршрут для маленькіх імяніннікаў з музычным суправаджэннем, казачнымі персанажамі і цацкамі. ДЧ прадоўжыць выконваць і маршруты для маладых, якія з году ў год карыстаюцца ўсё большай папулярнасцю ў мінчан.

Працаваць на дзіцячай чыгунцы будуць юныя чыгуначнікі. Яны будуць выконваць абавязкі машыністаў поезда, начальніка станцыі, начальніка поезда, дыспетчараў, дзяжурных па станцыі і прадстаўнікоў іншых прафесій. Навучанне маладыя чыгуначнікі праходзяць у спецыяльным цэнтры ў Мінску. Тут школьнікі знаёмяцца з работай чыгуначнага транспарту, вывучаюць будову і канструкцыі лакаматываў і вагонаў, чыгуначных пуцей, сродкаў сігналізацыі і сувязі. Падарожжы па дзіцячай чыгунцы для іх — гэта не толькі захапляючыя паездкі, але і далучэнне да работы на чыгуначнай магістралі.

У маі дзіцячая чыгунка будзе працаваць па выхадных і святочных днях, а летам — і па буднях.

Першы поезд па Мінскай дзіцячай чыгунцы прайшоў 9 ліпеня 1955 года. Дзіцячая чыгунка адрозніваецца ад вялікай толькі шырынёй каляі, а ва ўсім астатнім яна ў мініяцюры паўтарае ўсё, што ўласціва Беларускай чыгунцы. Працягласць трасы ДЧ — амаль 5 км.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?