Аляксандр Лукашэнка абсалютна ўпэўнены, што менавіта затрыманы здзейсніў тэракт у метро. Пра гэта ён заявіў 16 красавіка, падрабязна адказваючы на пытанні журналістаў.

16 красавіка Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у суботніку.Фота БелТА.

16 красавіка Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у суботніку.Фота БелТА.

Ён пракаментаваў сумневы, звязаныя з тым, што злачынства ўжо занадта хутка было раскрытае. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што першым быў раскрыты не тэракт у метро, а выбух, здзейснены 3 ліпеня 2008 года ля стэлы «Мінск — горад-герой».

«Калі ў яго [падазраванага] узялі адбіткі, мы ж яшчэ не ведалі — ён, не ён, і зверылі з базай звестак, убачылі, што яны супадаюць. І ён адразу сказаў: так, гэта я зрабіў [выбух 3 ліпеня 2008] , распавёў усё, што ўжо следства ведае, па секундах, па хвілінах. Потым ён на здзіўленне шчыра сказаў, што і выбухі ў Віцебску, і ў метро — справа яго рук»,
 — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, пасля тэракту следства затрымоўвала многіх людзей, у дачыненні да якіх ўзнікала падазрэнне: «Патрабавалі алібі, усіх дапытвалі, а потым перапрашалі, адпускалі — сітуацыя была надзвычайная, таму дзейнічалі як на фронце».

Ён таксама паведаміў, што «ужо адзін саўдзельнік знойдзены». «Круціўся, круціўся, але ўжо прызнаўся. Другі — таксама ўжо «падвешаны», — такі тэрмін ужыў Лукашэнка. — Дзеўка, якую затрымалі, быццам бы нічога не бачыла. А потым сказала: «Так, бачыла». Ужо прызнаецца», — адзначыў Лукашэнка.

Таму, сказаў ён, «калі камусьці хочацца» пажаваць «гэтую праблему, то, калі ласка, жуйце разам з журналістамі і нейкай часткай грамадства».

Ён расказаў, што напярэдадні ўначы меркаванага выканаўцу тэракту змусілі правесці аператыўную групу па ўсім маршруце, пачынаючы ад Віцебска і заканчваючы момантам затрымання. «Ён правёў аператыўнікаў з кватэры: як прыехаў, на якім цягніку, што прывёз, колькі кілаграмаў вёз, у якіх бутэльках, слоіках, на якую кватэру, як яны там са змоўшчыкам збіралі прыладу. Усё цалкам супала. Таму я сёння абсалютна перакананы, што гэта так», — расказаў Лукашэнка.

Ён таксама прывёў некалькі цікавых дэталек, якія сведчаць аб псіхалогіі і інтэлекце меркаванага тэрарыста.

Пасля выбуху той пайшоў не на кватэру, а на месца выбуху 3 ліпеня 2008 года, і толькі потым вярнуўся ў кватэру, дзе разам з хаўруснікамі «замочваў» зробленае.

У падвале кватэры падазраванага выявілі цэлую лабараторыю, дзе збіралася выбухоўка. З яе канфіскавалі каля 190 прадметаў, у тым ліку шарыкі, якімі, паводле інфармацыі следства, была нашпігаваная выбуховая прылада.

«Гэта унікальны чалавек ад прыроды, і менавіта ў хіміі. Троечнік па ўсіх прадметах, а па хіміі «выдатна»,
 — расказаў Аляксандр Лукашэнка. У ходзе следства «знайшлі яго настаўнікаў, як кажуць, «хімічку» адну, потым іншая прыйшла».

Лукашэнка выказаў меркаванне, што тэракт у мінскім метро — не сістэмная з’ява для Беларусі: «Тут няма міжрэлігійнай розні, тут няма нацыянальнай варожасці, няма вось гэтай асновы. Для мяне гэта важна».

Ён у чарговы раз загаварыў пра апазіцыю ў кантэксце тэракту, але гэтым разам ужо не ў такіх рэзкіх выразах.

«Палітыкай патыхае ці не, — не хачу бударажыць зноў нашу пятую калону, але хутка мы прадставім некаторыя матэрыялы. І не трэба толькі ківаць, што мы тут наступаем на апазіцыю. Мы наступім на тых, хто вінаваты, на тых, супраць каго ёсць доказы. Але я на перспектыву сказаў, што пятай калоны ў краіне не будзе», — пагражаў ён.

«Не трэба тут наводзіць цень на пляцень, — Лукашэнка адкінуў падазрэнні ў датычнасці ўладаў да тэракту. — Гэта ўсё роўна што калі палец баліць, каб вылечыць яго — адарваць сабе галаву. Якім ідыётам трэба быць, каб, напрыклад, мне перакрэсліць ўсю сваю працу. Бо і

я нямала зрабіў для таго, каб у нас было спакойна, нармальна жыць у Беларусі, і гэта — брэнд нашай краіны». «І мне што, трэба было падарваць метро, каб усе сказалі: ну вось, Лукашэнка, дзе твая стабільнасць і спакой?»
Аляксандр Лукашэнка назваў падонкамі тых, хто заяўляе аб датычнасці ўладаў да тэракту. Па ягоных словах, толькі ідыёты могуць падобным чынам разважаць. Па словах Лукашэнкі, сёння сітуацыя ў краіне не крытычная, каб пайсці на крайнія меры.

«Вы абыходзьце гэтых людзей [якія кажуць, што ўлада магла падобным чынам зрабіць] бокам — яны кажуць так, як яны б зрабілі. Запомніце — гэта страшныя людзі».

Ён таксама ўпершыню паведаміў аб затрыманні асобаў з сілавых структур і, магчыма, з метро, якіх вінавацяць у халатнасці, якая прывяла да тэракту.

«Калі б не галавацяпства асобных, мы б іх [падазраваных у выбуху] затрымалі раней, яшчэ па выбуху 3 ліпеня», — заявіў Лукашэнка.

«Ёсць факты, у бліжэйшы час скажам, як гэта стала магчыма, і там ёсць элемент найпоўнай расхлябанасці. Каго? У бліжэйшы час скажам. Яны затрыманыя, я сказаў іх дапытваць, як злачынцаў». Ён удакладніў: «Як чалавек з вялізнай торбай ў 20 кг нясе выбухоўку і ўсё гэта праходзіць міма міліцыі, міма работнікаў метро?».
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падзеі ў Мінску не стануць падставай для расправы над апазіцыяй. «Гэта — блеф, гэта лухта поўная», — заявіў ён і патлумачыў гэта сваімі прынцыпамі: «Я занадта самаўпэўнены, ганарлівы чалавек,
я не дазволю сабе такімі метадамі глядзець на гэтую мразь».

Ён ізноў не перабіраў у словах для характарыстыкі сваіх палітычных праціўнікаў: «Сёння ў іх ідзе барацьба, хто будзе лідэрам. Гэтых, так званых новай хвалі, няма. Павылазілі Багданкевіч, Казулін, Лябедзька, якога, дарэчы, выпусціў з турмы [афіцыйна рашэнне прымалася следчымі органамі — НН], а ён сёння вякае», — грымеў Лукашэнка. «Гэта ж падонкі. Скажыце лепш дзякуй, што гэты прэзідэнт вас выпусціў з камеры!».

Ён чарговы раз заявіў, што сярод апазіцыі «ёсць і баевікі». Такіміі ён лічыць удзельнікаў хрысціянска-дэмакратычнай арганізацыі «Малады Фронт». «Мы іх ведаем, асабліва маладафронтаўцы, іншыя незарэгістраваныя арганізацыі. Вядома, мы іх паставім на месца па законе».

У той жа час

Лукашэнка — рэдкі выпадак — ускосна заявіў, што яму важна захаванне свабоды слова: «Мне, напэўна, разам з вамі прыйдзецца жыць пры новым прэзідэнце». «І я не хачу, каб потым не было магчымасць сказаць слова».
«А тое, што сёння кажуць, маўляў, так зрабілі, каб адцягнуць увагу людзей ад эканамічных праблем, — толькі ідыёты могуць так разважаць», — заявіў Лукашэнка.

«А нашто?

Што, сітуацыя настолькі крытычная, што мне трэба ісці на крайнія меры? Яна не крытычная», — даказваў ён.
Акрамя перадачы некаторых звестак следства, Лукашэнка спыніўся на эканамічнай сітуацыі ў краіне.

«Сёння — заўтра — паслязаўтра мы выраўняем сітуацыю з валютай. Але вы на мяне не крыўдуйце. Курс — гэта справа некалькіх дзён, трэба, можа быць, тыдзень», — адзначыў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што самае непрыемнае, што магло быць на валютным рынку, ужо здарылася. І паабяцаў на працягу некалькіх дзён збалансаваць валютны рынак і ўвесці жорсткую эканомію дзяржбюджэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?