На аўтадарозе М1/Е30 Брэст — Мінск — мяжа Расіі супрацоўнікі ДАІ для таго, каб спыніць п’янага вадзіцеля, вымушаны былі страляць па машыне.

Як паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама, вечарам 10 красавіка супрацоўнікі абласной Дзяржаўтаінспекцыі даганялі аўтамашыну «Форд Мандэа», кіроўца якой ігнараваў іх патрабаванні аб спыненні, ствараючы пагрозу жыццю і здароўю ўдзельнікаў дарожнага руху.

Інспектар дарожна-патрульнай службы прыняў рашэнне выкарыстаць табельную зброю для спынення транспартнага сродку. Былі зроблены чатыры папераджальныя стрэлы ў паветра, на якія парушальнік не адрэагаваў, і 10 стрэлаў па колах і рухавіку. Атрымаўшы механічныя пашкоджанні, аўтамашына спынілася блізу вёскі Быкачана Смалявіцкага раёна. За рулём быў 49-гадовы мінчанін у стане алкагольнага ап’янення, індывідуальны прадпрымальнік. Як пазней было ўстаноўлена ў выніку медыцынскага агляду, у крыві мужчыны было 2,04 праміле этылавага спірту.

У дачыненні да правапарушальніка складзены пратаколы на падставе ч. 1 арт. 18.16 (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап’янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжання праверкі (агляду)) і ч. 2 арт. 18.21 (невыкананне патрабавання аб спыненні транспартнага сродку) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?