У межах праекту «Выбары: Рэканструкцыя» «Салідарнасць» вырашыла бліжэй прыгледзецца да фігуранта крымінальнай справы аб масавых беспарадках, празванага інтэрнэт-карыстальнікамі «Навушнікам». Уладзімір Хамічэнка аказаўся чалавекам з цяжкім лёсам, а па меркаванні некаторых, і з хворай псіхікай.

19 снежня на плошчы перад будынкам Дома ўрада гэты малады чалавек, відавочна пазіруючы перад фота- і відэакамерамі, разбіваў шкло і дзверы. У блогасферы і на форумах пра Хамічэнку казалі, што ён нібыта атрымліваў ўказанні па навушніку, схаваным у рукаве. Яго западозрылі ў супрацоўніцтве з КДБ і далі адпаведную мянушку «Навушнік».

У мінулую нядзелю, 27 сакавіка, Уладзімір мільгануў у сюжэце СТВ, дзе паказалі кадры аператыўнай здымкі. «Салідарнасць» паспрабавала высветліць, хто ж такі гэты малады чалавек: сакрэтны агент КДБ, правакатар ці просты грамадзянін, як запэўніваюць дзяржвыданні?

Хуліган або агент КДБ?

За ўдзел у акцыі пратэсту Хамічэнку арыштавалі на 15 сутак. На дадзены момант ён праходзіць у якасці абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», Уладзімір Хамічэнка знаходзіцца пад вартай.

Пра гэтага ўдзельніка Плошчы-2010 да гэтага часу было вядома няшмат. У газеце «Беларусь сегодня» ў «выкрывальніцкім» артыкуле «За кулісамі адной змовы», у прыватнасці, згадвалася:

«Хамічэнка Уладзімір Мікалаевіч, 1986 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Слуцк, вул. Урочышча Пупарава. Беспартыйны.

У стане алкагольнага ап’янення непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, адзін з асноўных хуліганскіх элементаў. Ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома ўрада, разбіваў шкло, дзверы з выкарыстаннем бытавых прадметаў (палкі, арматура) наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў, пазіраваў перад камерай, заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў, выкрыкваў пагрозы ў адрас улады».

Актыўнасць у спробах выкрыць Хамічэнка праявіла блогер Таццяна Елавая, вядомая пад нікам zmagarka, якая жыве ў Літве.

Яна лічыць, што Хамічэнка — вельмі супярэчлівая асоба, і прыводзіць сведчанні яго былых сукамернікаў.
Быццам бы пасля затрымання на мітынгу 19 снежня спачатку ў райаддзеле міліцыі, а пасля і ў ІЧУ Жодзіна Хамічэнка шмат і ахвотна расказваў пра сябе. То заяўляў, што палітыкай не цікавіцца і нікога з лідараў апазіцыі не ведае, то хваліўся, што «ў 2006 годзе разам з Казуліным хадзіў на Акрэсціна і што добра ведае Севярынца».

Дарэчы, у фільме «Плошча. Жалезам па шкле» гаварылася аб тым, што Хамічэнка прыехаў на плошчу па запрашэнні БХД. Праўда, экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі гэтую інфармацыю аспрэчыў.

Дзіця з хворай псіхікай

Па адрасе, названым месцам рэгістрацыі Хамічэнкі, у Слуцку размяшчаецца сельскагаспадарчы ліцэй і інтэрнат навучальнай установы.

Дырэктар ліцэя Сяргей Шыловіч пацвердзіў, што Уладзімір Хамічэнка сапраўды тут вучыўся. У 2004 годзе ён скончыў ПТВ-209 (так да рэарганізацыі называўся ліцэй) па спецыяльнасці «гароднінавод». Уладзімір Хамічэнка вучыўся ў групе дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

У ПТВ ён прыехаў з Рудзенску, дзе скончыў школу-інтэрнат. Да гэтага ён выхоўваўся ў Старадарожскім дзіцячым доме.

— У 1990-м годзе суд Слуцкага раёна пазбавіў бацькоў Хамічэнкі бацькоўскіх правоў. (Тады яму было 4 гады — заўв. «Салідарнасці»), — расказалі работнікі Рудзенскай школы-інтэрната.

Па словах педагогаў, ніхто са сваякоў хлопчыка не наведваў, і пасля заканчэння школы ён ні з кім адносін не падтрымліваў. «Аўтарытэтам сярод аднагодкаў не карыстаўся, шкодных звычак не меў, на заўвагі рэагаваў адэкватна, неакуратны, неахайны», — такую характарыстыку напісалі ва ўстанове на запыт Заводскага РУУС Мінска.

— Дзіця з хворай псіхікай — кажа пра былога выхаванца Ірына Аляксандраўна, псіхолаг школы-інтэрната.

«За 10 тысяч рублёў ён мог бы выкапаць яму ў цэнтры горада»

Тамара Іванова, загадчыца інтэрната Слуцкага сельскагаспадарчага ліцэя, добра памятае Вову Хамічэнку. Яна адразу пазнала былога выхаванца, калі ўбачыла яго па тэлевізары перад будынкам Дома ўрада.

— Калі ён да нас трапіў, гэта быў паўчалавек. Ён быў як Маўглі. Скаліўся, — успамінае суразмоўца. — Мы вучылі яго элементарным бытавым рэчам: мыцца, сачыць за сабой, прыбіраць у пакоі.

Памятаю, стрыгу яго і пытаю: «Вова, чаму ў цябе галава дэфармаваная?». Ён кажа: «Мама п’яная была, і на мяне аўчарка напала». Больш ён пра маму не казаў.

Раз на паўгода сіротам адзенне куплялі. Апранем яго з іголачкі. Ён праз некалькі дзён прыйдзе, увесь абарваны, брудны. Збягаў часта да цыганаў у барак. Бадзяцца любіў. Не раз шукалі яго з міліцыяй. За руку на заняткі вадзіла яго.

Ён хоць і неакуратны быў, але не агрэсіўны, добры. З дзецьмі мог ежай падзяліцца. Здачы даць не ўмеў — хіба што агрызнецца.

Я як убачыла па тэлевізары, як ён у кабінеце следчага пазіруе — падпісвае дакументы, ухмыляючыся, успомніла, што ён ні чытаць, ні пісаць не ўмее. Такі што заўгодна падпіша! Ён бязвольны, ім лёгка маніпуляваць.

— А ў яго былі нейкія палітычныя погляды?

— Што вы! — смяецца суразмоўніца. — Папрасі яго выкапаць яму ў цэнтры горада і паабяцай дзесяць тысяч рублёў — ён зробіць.

Па водгуках педагогаў, Тамара Іванова была для Вовы Хамічэнкі як нянька — важдалася з ім як з дзіцем малым. У кватэры, якая дасталася яму ад дзеда з бабкай, загадчыца інтэрната дапамагла навесці ўтульнасць. Павесіла шторкі, навяла парадак.

— Толькі дарма ўсё гэта было. Таму што вярнуўся з турмы старэйшы брат Валодзі, і там пасяліліся госці з ліку яго знаёмых, — працягвае суразмоўніца.

Пасля заканчэння вучылішча Хамічэнка зрэдку аб’яўляўся. Аднойчы патэлефанаваў Тамары Івановай, пахваліўся, што жыве ў Мінску, зарабляе, плітку кладзе. Потым з’явіўся з ружамі, сарванымі у некага на ўчастку. А неяк прыйшоў са сцертымі ў кроў нагамі.

— Мы яго накармілі, а больш нічым дапамагчы не змаглі. Сказалі, што ён ужо дарослы і павінен зарабляць сабе на жыццё, — кажа Тамара Іванова.

Жанчына шкадуе былога выхаванца. «Які ні ёсць, а чалавек», — разважае яна.

Крымінальны элемент

Як паведаміў «Салідарнасці» Аляксей Стром, начальнік Слуцкага РАУС, Уладзімір Хамічэнка больш за 15 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці на тэрыторыі Віцебскай вобласці і Мінска. У асноўным за дробныя крадзяжы, распіванне алкагольных напояў, курэнне, з’яўленне ў грамадскіх месцах у п’яным выглядзе.

Па інфармацыі праваахоўных органаў, Хамічэнка мае дзве судзімасці — на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і Віцебскай вобласці. У Беларусі быў асуджаны па арт. 205 КК (замах на ўчыненне крадзяжу). Адбываў пакаранне ў віцебскай турме. Вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі напярэдадні выбараў — 6 снежня 2010.

Уладзімір Хамічэнка зарэгістраваны ў Слуцку па адрасе: вул. Багдановіча, 12–3. Больш за год таму кватэра была апячатаная камунальнай службай праз пазычанасць за паслугі -больш чым 4 млн рублёў. На дадзены момант Хамічэнка — адзіны, хто зарэгістраваны па гэтым адрасе. Яго брат-крымінальнік памёр. Суседзі кажуць, што Уладзімір Хамічэнка не паказваўся дома ўжо некалькі гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?