Упершыню за шматгадовую працу Брусэльскага форуму тэма Беларусі стала адной з ключавых і абмяркоўвалася на працягу ўсіх дзён працы форуму.

Усе апошнія гады Беларусь на прэстыжным Брусэльскім форуме, які збірае палітычную і эканамічную эліту свету, нязменна прадстаўляў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Аднак кандыдат у прэзідэнты Беларусі ўжо больш за тры месяцы знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ і прызнаны палітвязнем.

Праз арышт Андрэя Саннікава сёлета на Форуме нашу краіну прадстаўляла яго сястра Ірына Багданава, ініцыятар судовага пераследу Лукашэнкі; кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда, кіраўнік фонду «Мы памятаем» Ірына Красоўская і вядомы брытанскі драматург Том Стопард.
Лаўрэат прэміі «Оскар», сэр Том Стопард разам з заснавальнікамі Свабоднага тэатра і Ірынай Багданавай з’яўляецца адным з ініцыятараў кампаніі «Free Belarus Now!».

У першы дзень Форуму ў жывой трансляцыі на тэлеканале BBC World Debate прайшла дыскусія на тэму «Ці правалілася заходняя палітыка на Сярэднім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы?». У дыскусіі ўдзельнічалі Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных сувязях Кэтрын Эштан, сенатар Джын Шахін, якая ініцыявала слуханні па Беларусі ў Сенаце ЗША, і былы амбасадар Егіпта ў Амерыцы Набіл Фамі.

За дыскусіяй праз тэлеканал BBC World Debate сачыў увесь свет, і тады з аўдыторыі прагучала пытанне, зададзенае дырэктарам Беларускага Свабоднага тэатра Наталляй Калядой: «Беларускі дыктатар прадае зброю Лівіі, і Кадафі забівае ёй сваё мірнае насельніцтва. Лукашэнка — пагроза не толькі для свайго народа, супраць якога ён развязаў масавыя рэпрэсіі, але і пагроза бяспецы свету. Час адказаць на пытанне: ці не правалілася ці палітыка Захаду ў дачыненні да Беларусі?».

У адказ Кэтрын Эштан і сенатар Джын Шахін заявілі, што яны працягваюць ціск на ўлады Беларусі і не спыняцца, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя.

Выступам Тома Стопарда адкрыўся другі дзень Брусэльскага форума. Прэзідэнт Еўрапейскага парламента Ежы Бузэк выступіў адразу пасля прамовы драматурга. Сваёй прамовай Том Стопард змяніў фармат Форуму, дзе раней выступалі толькі лідары дзяржаваў, дыпламаты, банкіры і аналітыкі. Асноўнай думкай яго выступу стала тэма зрушэння маральных стандартаў у сучасным грамадстве. Тое, што адбываецца ў Беларусі, казаў Стопард, гэта ганебна, бо гэта адбываецца ў цэнтры Еўропы. Беларусь — член вялікай еўрапейскай сям’і. І калі член сям’і трапіў у бяду, то нельга закрываць на гэта вочы, а трэба ратаваць яго, заявіў брытанскі драматург.

Словы Тома Стопарда выклікалі гарачую дыскусію. Многія ўдзельнікі Форуму казалі, што яго выступ — гэта вяртанне гуманізму ў палітыку, таго, што, здавалася, даўно страчана.

Дзень завяршыўся жорсткай дыскусіяй прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім і еўракамісарам Штэфанам Фюле. Беларусы пыталіся еўрапейскіх палітыкаў, чаму да гэтага часу не прынятыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, нягледзячы на маштаб рэпрэсій.

Гэтая дыскусія стала платформай для завяршальнай сесіі па Беларусі пад назвай «Начны кашмар беларускіх выбараў і адказ Захаду».

Тут выступіла Ірына Багданава — сястра Андрэя Саннікава і адзін з ініцыятараў судовага працэсу супраць Лукашэнкі. Удзельнікамі сесіі сталі выканаўчы дырэктар «Фрыдам Хаўс» Дэвід Крамер, кіраўнік дырэктар дэпартамента службы замежнай дзейнасці Еўрасаюза, адказнай за Еўропу і Цэнтральную Азію, Міраслаў Лайчык, дарадца прэзідэнта Літвы па замежных справах Дарыус Сямашка. Мадэратарам сесіі быў сябра трансатлантычнай рады Нямецкага фонду Маршала Павал Дэмеш.

Калі Дарыус Сямашка сказаў, што беларусам у цяперашняй сітуацыі трэба набрацца цярпення, Ірына Багданава заявіла, што 17 гадоў дыктатуры ўжо трываць немагчыма.

Ірына Багданава адзначыла, што не ведае, з якой асабістай гісторыі пачаць свой выступ. З гісторыі свайго брата, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, якога збілі падчас мірнай дэманстрацыі і з перабітымі нагамі кінулі ў турму?

Або з гісторыі сваёй нявесткі, журналісткі Ірыны Халіп, якая цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам і кругласутачным назіраннем супрацоўнікаў КДБ? Ці расказаць гісторыю свайго трохгадовага пляменніка Даніка, які жыве разам з маці пад арыштам і не бачыць свайго бацькі? Або пра сваю маці, якой 78 гадоў і ў якой уся жыццядзейнасць сканцэнтравалася на 104 кроках да турмы, дзе знаходзіцца, яе сын і зваротнай дарогі дадому са скатаваным сэрцам?

Ніякага цярпення не будзе. Калі палітыкі будуць маўчаць, то мы будзем дзейнічаць, сказала Ірына Багданава і падкрэсліла, што рэальнай дапамогі ад Еўропы сем’і беларускіх палітвязняў сёння не атрымліваюць, нягледзячы на тое, што пра гэта шмат гаворыцца.

Вострыя пытанні Ірына Багданава, Наталля Каляда і Ірына Красоўская падымалі падчас сустрэч са старшынём Еўрапейскай рады Хенрыкам ван Ромпеем, Вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных сувязях Кэтрын Эштан, прэзідэнтам Сусветнага банка Робертам Зелікам і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі. З кіраўніком Сусветнага банка была нават дасягнутая дамоўленасць аб дадатковай сустрэчы ў ЗША ў красавіку.

На развітанне прэзідэнт Нямецкага фонду Маршала Крэйг Кенэдзі, арганізатар Форуму, выказаў сваю падтрымку ўсім палітвязням, што знаходзяцца сёння ў беларускіх турмах, і асабліва прасіў перадаць якім-небудзь чынам Андрэю Саннікаву, што пра яго памятаюць, за яго змагаюцца, і ён абавязкова будзе выступаць на Брусэльскім форуме ў наступным годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?