Цэнтр цяжару будаўніцтва жылля неабходна пераносіць у рэгіёны, каб выключыць перанасяленне Мінска, заявіў 25 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Мінскай гарадской ратушы і азнаямлення з перспектывамі забудовы сталіцы да 2015 года.

Як далажыў кіраўніку дзяржавы старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька, павялічваецца попыт на жыллё, рост узроўню аўтамабілізацыі патрабуе змянення стратэгіі забудовы сталіцы на бліжэйшыя 10–15 гадоў. Мінгарвыканкам удакладніў межы і месцазнаходжанне тэрыторый, магчымых для забудовы. У прыватнасці, першачарговая ўвага будзе звернута на забудову прылеглых да сталіцы тэрыторый, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца, завяршэнне забудовы раней пачатых жылых мікрараёнаў, будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў у раёнах магчымага зносу старога індывідуальнага жылога фонду, а таксама будаўніцтва гарадоў — спадарожнікаў Мінска.

Так, Мінгарвыканкам прапануе выкарыстаць пад жыллёвае будаўніцтва раён былога ваеннага палігона, што прымыкае да Мінскай кальцавой дарогі з усходняга боку горада. Плануецца, што новы жылы мікрараён Зялёны Бор стане буйнейшым горадабудаўнічым утварэннем з насельніцтвам больш за 150 тыс. жыхароў. Ужо ў 2012 годзе тут будзе пачата пракладванне інжынерна-транспартнай інфраструктуры, а ў 2013 годзе — будаўніцтва жылых дамоў.

Акрамя таго, з паўднёва-заходняга боку сталіцы будзе ўзведзены новы жылы раён Шчомысліца, які будзе складацца з дзесяці мікрараёнаў і прылеглых да Брэсцкай шашы трох кварталаў грамадскага прызначэння. Насельніцтва раёна складзе 54 тыс. жыхароў, пачатак будаўніцтва намечаны на 2012 год. На ўездзе ў Мінск плануецца пабудаваць грамадскі цэнтр рэспубліканскага і міжнароднага значэння, куды ўвойдуць выставачны комплекс, бізнес-цэнтр з гасцініцай вышынёй 30–40 паверхаў. Мінскія ўлады лічаць, што будынкі і збудаванні грамадскага цэнтра стануць упрыгажэннем раёна і новага праспекта горада.

Як адзначыў Мікалай Ладуцька, з’яўленне новых раёнаў дасць магчымасць знізіць аб’ёмы будаўніцтва ў Мінску да 800 тыс.кв.м у год.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што няўхільна павінна выконвацца патрабаванне аб недапушчэнні перанасялення Мінска. Паводле яго слоў, колькасць жыхароў у сталіцы не павінна перасягаць 1,8 млн. чалавек, інакш Мінск ператворыцца ў няўтульны і нязручны для жыцця горад.

«Усё павінна быць падпарадкавана інтарэсам сталіцы і інтарэсам людзей, якія тут жывуць», — падкрэсліў Лукашэнка. «Трэба арыентавацца на тое, што ў Мінску не павінна пражываць больш за 1 млн. 800 тыс. чалавек. Мільён восемсот чалавек — і не больш, таму што сёння ўжо ні праехаць, ні прайсці па Мінску, заўтра — загазаванасць, пачнуць пхацца, з усёй рэспублікі збяром у Мінску людзей, і мы перанаселім горад», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Ураду неабходна перанесці цэнтр цяжару будаўніцтва жылля ў рэгіёны. Ва ўсім свеце формула адна: не да рабочай сілы ідуць працоўныя месцы, а рабочая сіла едзе да працоўных месц. Мы павінны развесці прадукцыйныя сілы і туды накіроўваць людзей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Не трэба збіраць у Мінску ўсё насельніцтва Беларусі», — падкрэсліў Лукашэнка.
На яго думку, цяпер у сталіцы неабходна весці толькі кропкавую забудову.

Як далажыў Мікалай Ладуцька, за апошнія 10 гадоў у Мінск прыехала амаль 170 тыс. чалавек. У сталіцы і Мінскім раёне пастаянна знаходзіцца амаль 2,2–2,3 млн. чалавек, уключаючы студэнтаў і грамадзян, якія прыязджаюць сюды з іншых гарадоў на работу.

Было закранута таксама пытанне пастаноўкі на чаргу маючых патрэбу ў жыллі ў Мінску. За 2010 год яе папоўнілі амаль 20 тыс. чалавек, а ў перыяд з 2006 па 2011 год — каля 130 тыс. чалавек. З 2011 года ўведзены некаторыя абмежаванні, і стаць на ўлік маючых патрэбу ў жыллі могуць грамадзяне, якія пражылі ў сталіцы не менш за пяць гадоў.

Цяпер на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у сталіцы знаходзіцца каля 280 тыс. чалавек. Пры гэтым амаль 60 тыс. з іх не маюць ва ўласнасці ніякага жылля. Гарадскія ўлады лічаць мэтазгодным змяніць крытэрыі пастаноўкі грамадзян на чаргу маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Аляксандр Лукашэнка даручыў перагледзець парадак фарміравання чаргі. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы лічыць несправядлівым, што сёння ў чарзе маючых патрэбу знаходзяцца і тыя, хто не мае ніякага жылля, і тыя, хто зусім крыху не дацягвае да нарматыву 15 кв.м на чалавека.

«Тут трэба прымаць кардынальнае рашэнне. І гэта пытанні не ўрада, трэба тэрмінова іх перадаць на ўзровень выканкама, каб яны, зыходзячы з уласнага бюджэту, перспектыў, вызначалі, колькі квадратных метраў на брата павінна быць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Лічу, правільна ці няправільна мы зрабілі, можа, паспяшаліся — 15 кв.м, але гэта несправядліва: чалавек стаіць у чарзе 7 гадоў і нічога не мае, і чалавек, які жыве і 14 кв.м або 13 кв.м на брата мае. Розніца ж ёсць», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка даручыў абмеркаваць гэта пытанне з урадам. «Па чарзе трэба вызначыцца, бо мы бясконца будзем мець вялікую чаргу ў Мінску», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён нагадаў, што такая сітуацыя з ажыятажным попытам на жыллё толькі ў сталіцы, у абласных жа цэнтрах гэту праблему ўдалося зняць.

Афіцыйнаму лідару прадставілі праект забудовы горада-спадарожніка Смалявічы. Тут для жыхароў Мінска намячаецца будаўніцтва трох-, пяці- і сяміпавярховых шматкватэрных жылых дамоў на 28–30 тыс. жыхароў. Жылы фонд складзе 870 тыс.кв.м. Пачатак узвядзення першага дома намечаны ўжо на ліпень 2011 года. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу Мінгарвыканкама на тое, што акрамя жылых раёнаў там неабходна ствараць рабочыя месцы.

Лукашэнка азнаёміўся таксама з тым, як вядзецца забудова праспекта Пераможцаў, тэрыторыі жылога раёна Лебядзіны, праектам Нацыянальнага гісторыка-археалагічнага цэнтра (Мінскае замчышча), які плануецца стварыць у пачатку праспекта Пераможцаў.

Кіраўніку дзяржавы прадставілі і праект будучага парку «Беларусь», які размесціцца ў межах вуліцы Арлоўскай — праспекта Пераможцаў. Адметнасцю парку стане экспазіцыя «Міні-Беларусь». Яе плошча будзе падзелена на 6 зон па колькасці абласцей у краіне, у кожнай з якіх размесцяцца макеты вядомых і знакавых будынкаў.

Лукашэнку таксама было даложана аб падрыхтоўцы горада да чэмпіянату свету па хакею 2014 года. Так, ужо летам 2013 года завершыцца будаўніцтва культурна-забаўляльнага спартыўнага комплексу ў мікрараёне Чыжоўка. Акрамя таго, у горадзе будзе пабудавана 9 транспартных развязак.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся і з рэалізацыяй асобных інвестыцыйных праектаў, у прыватнасці, узвядзення новай клінікі ў раёне Паўночны, эксперыментальнай школы і некаторых іншых.

Закранаючы будаўніцтва шматпрофільнага комплексу «Мінск-Сіці», афіцыйны лідар выказаў нездавальненне тэмпамі рэалізацыі гэтага праекта.

Кіраўнік падкрэсліў, што дасягнутыя раней дамоўленасці з інвестарамі павінны няўхільна выконвацца.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне аб перапланіроўцы забудовы. «Мінск-Сіці» павінен быць жаданым для людзей, каб людзі туды імкнуліся. Але хто будзе імкнуцца ў жалезабетон? Трэба зрабіць акуратныя кварталы, прыгожыя, каб ім было зручна там жыць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Інвестпраектам прадугледжваецца на тэрыторыі 318 га будаўніцтва грамадска-дзелавога цэнтра, які ўключае будынкі адміністрацыйна-дзелавой, фінансавай і дыпламатычнай сфер, кварталы жылой забудовы, аб’екты сацыяльнай і інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Рэалізацыя праекта прадугледжваецца ў дзевяць этапаў з завяршэннем будаўніцтва да 2020 года. Цяпер ідзе рэалізацыя першага этапа, які ўключае падрыхтоўку пляцоўкі пад забудову, будаўніцтва жылля агульнай плошчай больш як 230 тыс.кв.м, офісных памяшканняў, аб’ектаў гандлю і 1510 парковачных месц.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Мінгарвыканкама аб рэканструкцыі стадыёна «Дынама». На думку афіцыйнага лідара, стадыён неабходна захаваць і правесці сур’ёзную рэканструкцыю, што дасць магчымасць на некаторы час адмовіцца ад будаўніцтва новага стадыёна і зэканоміць значныя сродкі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што над стадыёнам можна пабудаваць перакрыцці, зрабіць падагрэў газона, што дасць магчымасць выкарыстоўваць яго ў любую пару года.

На завяршэнне мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў сваё патрабаванне аб развіцці гарадоў-спадарожнікаў Мінска і арганізацыі там рабочых месц. Ён таксама нагадаў аб неабходнасці прывядзення ўсіх населеных пунктаў краіны ў парадак яшчэ да рэспубліканскага суботніка, прыцягнення насельніцтва да добраўпарадкавання ўнутраных дваровых тэрыторый

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?