Актывісты кампаніі «Гавары праўду» адправілі некалькі соцень паштовак з віншаваннямі з Днём Волі актывістам апазіцыі, якія знаходзяцца ў следчых ізалятарах КДБ і МУС.

Торт і кветкі для Някляева, які пад хатнім арыштам

Торт і кветкі для Някляева, які пад хатнім арыштам

І для Ірыны Халіп. На фота яе мама  - Люцына.

І для Ірыны Халіп. На фота яе мама - Люцына.

Марына Фядута

Марына Фядута

Капэрты з віншаваннямі ўсім вязням

Капэрты з віншаваннямі ўсім вязням

Бацька Насты Палажанкі і жонка Аляксандра Фядуты.

Бацька Насты Палажанкі і жонка Аляксандра Фядуты.

Павіншаваць паплечнікаў прыйшла і Мая Абромчык, якой 19 снежня міліцыянты зламалі нагу.

Павіншаваць паплечнікаў прыйшла і Мая Абромчык, якой 19 снежня міліцыянты зламалі нагу.

Зранку 25 сакавіка актывісты кампаніі «Гавары праўду!» правялі акцыю «Падтрымай зняволеных», прымеркаваную да Дня Волі. Паводле Андрэя Дзмітрыева, былога кіраўніка выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, яны спадзяюцца, што ўсе паштоўкі трапяць і да тых, хто знаходзіцца за кратамі, і да тых, каго змясцілі пад хатні арышт.

«У гэтых паштоўках няма нічога такога, што магло б перашкодзіць следству — гэта проста словы падтрымкі. Я думаю, што ёсць шанец, што іх прапусцяць. Гэта проста паштоўкі, дзе напісана, што мы падтрымліваем вас, жадаем вам поспехаў, жадаем вам сілы —
звычайныя словы падтрымкі. Але яны не звычайныя, калі ты знаходзішся за кратамі: тады гэта вельмі важна»? — гаворыць Андрэй Дзмітрыеў:

За два дні сабралі больш за 1 тысячу лістоў і паштовак са словамі падтрымкі. Частку людзі з рэгіёнаў даслалі самі, а частку даслалі ў Мінск, каб іх наўпрост перадалі сваякам палітвязняў.

Да Галоўпаштамта падышла жонка Аляксандра Фядуты Марыя. Згодна з яе словамі, для чалавека, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, гэтыя паштоўкі не проста весткі з волі: «Гэта падтрымка неабыякавых людзей, словы салідарнасці і, мусіць, нейкія надзеі на нешта светлае. Будзем думаць менавіта так!»

З тым, што гэтыя словы салідарнасці і падтрымкі вельмі важныя, пагаджаецца і Вольга Някляева: «Ва Ўладзіміра павышаны ціск з-за таго, што ён нікуды не выходзіць з хаты вось ужо два месяцы. Галава пастаянна баліць. А яшчэ пачаліся праблемы са спінай. Маленькая кватэра, нерухомасць — цяжка. Але вось у Дзень Волі перадалі лісты віншавальныя. Гэта віншаванні са святам, жадаюць людзі здароўя і мужнасці. І я лічу, што ў гэтым годзе гэтае свята — гэта свята салідарнасці з палітзняволенымі».

А Уладзімір Палажанка выказвае ўпэўненасць у тым, што гэтыя лісты дададуць зняволеным веры:

«Калі б і той жа Статкевіч, і той жа Някляеў, і той жа Фядута, і іншыя, хто сёння знаходзяцца за кратамі альбо пад хатнім арыштам, мелі магчымасць бачыць тых людзей, якія прыходзяць, дасылаюць паштоўкі, іх вера ў народ умацавалася б і маральных сілаў дадалося б».

Дарэчы, перад тым, як прыйсці да паштамта, актывісты «Гавары праўду» паспелі наведаць Уладзіміра Някляева і Ірыну Халіп. Пабачыць іх, зразумела, не дазволілі супрацоўнікі КДБ, што суткамі знаходзяцца ў кватэры экс-кандыдата і журналісткі, але ім перадалі кветкі і торты. На тортах крэмам намаляваная літара «V» — victoria (перамога).

Пасля адпраўкі паштовак Андрэй Дзмітрыеў накіраваўся ў прыёмную КДБ, дзе ў гэты час знаходзіліся Вольга Бандарэнка і Дар’я Корсак, жонкі Змітра Бандарэнкі і Аляксандра Атрошчанкава. Перадаў ім кветкі і паштоўкі. Па выйсці з КДБ 8 супрацоўнікаў у цывільным «прапанавалі» Андрэю Дзмітрыеву сесці да іх у мікрааўтобус. Дзе зараз знаходзіцца актывіст — невядома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?