Усе новаўвядзенні і сучасныя тэхналогіі актыўна ўжываюцца ў Беларусі для ўдасканалення экіпіроўкі вайскоўцаў,
паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства абароны.

У ведамстве ўдакладнілі, што цяпер для абмундзіравання выкарыстоўваюцца мембранныя матэрыялы, новыя віды сінтэтычных уцяпляльнікаў, антыбактэрыяльныя дадаткі. Уся баявая форма вырабляецца з тканіны з лічбавым метадам нанясення камуфляванага малюнка. Гэта павышае маскіравальныя характарыстыкі абмундзіравання на 40–60%. Акрамя таго, амаль усе вайскоўцы перайшлі на паўваўнянае паўсядзённае абмундзіраванне аліўкавага колеру.

У войсках таксама выпрабоўваюць тэрмабялізну, новыя разгрузачныя камізэлькі рознага прызначэння, хромавы абутак і льняную пасцельную бялізну. Немалаважна, што ў падраздзяленнях працягваецца ўстаноўка пральных машын.

Паспяхова праводзіцца і рэканструкцыя матэрыяльнай базы воінскіх частак і злучэнняў тылу. У прыватнасці, пасля капрамонту уведзеныя ў эксплуатацыю цэнтралізаваныя запраўшчыкі палівам самалётаў на аэрадромах 61-й знішчальнай і 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйных базах.

Што да харчавання, то, напрыклад, замест 100 г хлеба ў норму ўведзеная булачка з пшанічнай мукі, дадаткова 20 г смятаны і 15 г сычужнага сыру, а таксама полівітамінныя прэпараты.

У прэс-службе Міністэрства абароны паведамілі, што цяпер прадумваецца пытанне тылавога забяспечання злучэнняў і частак на сумесным аператыўным вучэнні, якое плануецца правесці ў Расіі ў верасні гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?