16.40. Гарадоцкага актывіста кампаніі «Гавары праўду» Леаніда Аўтухова спынілі мясцовыя міліцыянты, калі ён ішоў на аўтавакзал, каб ехаць у Віцебск. Яму патлумачылі, што паступіла аператыўная інфармацыя пра тое, што ён мае намер узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі. У Віцебск ён збіраўся паехаць, каб ускласці кветкі да мемарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава і да помніка Уладзіміру Караткевічу.

На прыпынку грамадскага транспарту недалёку ад дома міліцыянты затрымалі Таццяну Севярынец, маці зняволенага ў СІЗА КДБ Паўла Севярынца. Яна таксама меркавала ўзяць удзел ва ўскладаньні кветак. Аднак міліцыянты павезлі яе ў Першамайскі РАУС, заявіўшы, што яна падобная «да злачынцы, якая здзейсніла серыю крадзяжоў у раёне вуліцы Чкалава».

16.26. У Гародні у раёне вуліцы Рэйманта міліцыянты затрымалі актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ігара Ламеку (Радыё Рацыя).

16.00. Актывіста незарэгістраванага «Маладога фронту» Юльяна Місюкевіча з заняткаў супрацоўнікі міліцыі адвезлі ў Ленінскі РУУС Мінска, дапытаць па невядома якой крымінальнай справе. Пры гэтым яму ўручылі позву.

15.12. Рыгор Песецкі паведаміў «Народнай Волі», што людзі ў цывільным прыходзілі на кватэру яго бацькоў і па месцы прапіскі хлопца. Яны кажуць, што ён ім патрэбны для нейкай тэрміновай справы.

14.40 Полацкага актывіста Віктара Калесніка міліцыянты затрымалі, спыніўшы маршрутку «Полацак-Мінск».

Затрыманне адбылося ў дзесяці кіламетрах ад Полацка. Актывіста перасадзілі у службовую машыну, не патлумачыўшы прычын затрымання. Куды вязуць і навошта, не паведамілі таксама.

14.20. Лідараў Маладой Беларусі заблакавалі ва ўласных кватэрах — да Артура Фінькевіча і Настассі Машчавай спрабуюць уварвацца міліцыянты, у кватэрах адключана сувязь і электрычнасць.

14.07 Як паведаміляе радыё «Свабода», у кавярні ў ГУМе ў цэнтры Мінска былі

затрыманыя Франак Вячорка, Павал Прывалаў з Гомелю

і яшчэ адзін маладзён з Гомелю. Затрымліваў міліцыянт Дзем'янкоў Уладзімер Пятровіч, на падставе «падабенства з людзьмі, якія ўчынілі злачынства».

14.00. У Слоніме затрыманы кіраўнік мясцовай філіі незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Барыс Кучынскі. Яго схапілі проста ў паліклініцы і зараз вязуць у невядомым накірунку.

Ірыну Пчолкіну затрымалі і адвезлі ў Фрунзенскі РАУС.

Каля 14 гадзін ёй патэлефанавалі і выклікалі на здымнае жытло, дзе раней былі затрыманы Гумінскі, Кастусёў, Якубоўскі, Ерусалімская. Там Пчолкіну чакалі супрацоўнікі міліцыі.

13.20. Актывісты «Гавары праўду» Сергеенка Аляксандр і Таццяна Ласкавец затрыманы ў кватэры. Супрацоўнікі міліцыі званілі ў дзверы, затым некалькі разоў стукнулі па іх, дзвярная скрынка адышла — і яны пракраліся ў кватэру. Без усякіх тлумачэнняў затрымалі актывістаў і павезлі ў Завадскі РУУС, паведамляе zapraudu.info

13.00 Сёння раніцай у Гомелі затрыманы прадпрымальнік, сябра АГП Уладзімір Няпомняшчых. Пра гэта паведаміла жонка прадпрымальніка Алена: «Уладзімер выправіўся а шостай гадзіне на вакзал, каб ехаць у Мінск. Але пасля гэтага ягоны мабільны тэлефон не адказваў. І вось толькі зараз мне патэлефанавалі з міліцыі і паведамілі, што муж затрыманы на двое сутак і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Міжгародняй. Чаму і за што — не сказалі».

У 12.00 два супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўварваліся ў кватэру, дзе знаходзіліся 6 чалавек:
Сяржук Гумінскі, Кастусёў Андрусь, Якубоўскі Дзмітрый, Руслан Канавалаў і Кацярына Ерусалімская. Разам з імі быў грамадзянін Польшчы Крыстафор Кірджык. Міліцыянты перапісалі дадзеныя ўсіх маладзёнаў, выклікалі нарад спецназа. Праз некаторы час вывелі некалькі чалавек з кватэры і павезлі на дзвюх машынах у розныя бакі.

Як высветлілася пазней, Руслан Канавалаву ўдалося абхітрыць міліцыянтаў — ён паехаў адзін у ліфце ўніз і вышаў праз паверх. Спецназаўцы не сталі яго шукаць.


Руслан Канавалаў.

Руслан паведаміў, што

пры затрыманні фізічная сіла была ўжыта да Сяргея Гумінскага і Дзмітрыя Якубоўскага.

12.20. Супрацоўнікі міліцыі заблакавалі кватэру актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага.

12.19. Міліцыянты тэлефанавалі вілейскім дэмактывістам Аляксею Сюдаку (БНФ), Уладзіміру Малярчуку (АГП) і іншым. Распытвалі, ці будуць яны ўдзельнічаць у акцыях, прымеркаваных да Дня Волі.

11.35. Актывіста «Моладзі БНФ» са Смаргоні Уладзіміра Шульжыцкага выклікаюць 25 сакавіка на 16 гадзінаў у Смаргонскі РАУС. Ён мяркуе, што гэта робіцца дзеля таго, каб ён не змог паехаць на Дзень волі ў Мінск. («Еўрарадыё»).

11.30. Да сябра АГП з Астраўца Івана Крука сёння наведаўся ўчастковы міліцыянт і, паколькі яго не было ў кватэры, распытваў жонку ці не збіраецца ён ехаць у Мінск на святкаванне ўгодкаў БНР. Участковы таксама распытваў суседзяў — ці не маюць яны прэтэнзіяў да Івана Крука, паведамляе vialejka.org

11.20. У кватэру на Прытыцкага, 120, якую здымае актывістка «Еўрапейскай Беларус» Ірына Пчолкіна спрабуюць патрапіць міліцыянты. У кватэры знаходзяцца таксама актывісты Сяргей Гумінскі, Андрэй Кастусёў, Кася Іерусалімская, Руслан Канавалаў і Зміцер Якубоўскі, які і паведаміў пра здарэнне.

У 7.20 міліцыянты прыходзілі дадому да бацькоў Таццяны Шапуцькі. Казалі, што яна ім патрэбная з нагоды крымінальнай справы, якой — не патлумачылі. Самой Таццяны дома не было.

Моладзевы актывіст АГП Аляксандр Сцепаненка сёння, а 8 гадзіне быў дастаўлены ў РУУС Савецкага раёна нібыта на прафілактычную гутарку. Больш за дзве гадзіны сувязь з ім адсутнічае.

Кіраўніку Бабруйскай гарадзкой арганізацыі АГП Віктару Бузінаву сёння ранкам невядомыя прабілі ўсе чатыры колы ва ўласным аўто. Віктар неаднойчы прымаў удзел у акцыях у Мінску.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр Вясна, а 8.00 некалькі міліцыянтаў спрабавалі ўварвацца на кватэру да актывісткі незарэгістраванага «Маладога фронту» Ганны Шарубы. Яна адмовілася адчыніць дзверы. Зараз яны стаяць каля пад’езда.

Сёння, а 8 раніцы ўчастковы міліцыянт прыйшоў у дом, дзе пражывае пад падпіскай аб нявыездзе рэдактар сайта Хартыя97 Наталля Радзіна.

Супрацоўнік міліцыі параіў ёй не пакідаць дом, паколькі да яе павінен прыехаць следчы КДБ.

9.20 Актывіста «Гавары праўду» Леаніда Аўтухова з Гарадка вартуе міліцыя.

У 8.20 супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў Мінску спрабавалі патрапіць у кватэру, дзе пражывае актывіст Уладзь Валодзін. Яго самога дома не было. Аднак міліцыянты ўсё адно каравуляць актывіста пад домам.

У 8.30 крымінальны вышук спрабаваў увайсці ў кватэру актывіста Алега Ладуцькі. Маці дзеры не адчыняе.

А 7 раніцы міліцыянты прыходзілі на кватэру Вінцука Вячоркі. Яны шукалі яго сына Франака.

Па словах бацькі, Франака дома не было.

На 14.00 жодзінскага маладафронтаўца Рамана Васілевіча 25 сакавіка выклікаюць у РАУС.

Яму даслалі позву без указання яе нумара і справы, па якой выклікаюць. Малады чалавек лічыць, што такім чынам яму хочуць перашкодзіць трапіць на Дзень Волі ў Мінск.

У 7.15 міліцыянты прыходзілі ў кватэру да бацькоў актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Паўла Юхневіча. Паўла там не было. Паведамляе svaboda.org.

Каля 6.30 ранку міліцыя прыехала на кватэру Сяргея Паўлюкевіча.

Малады чалавек паспеў адпраіць смс-паведамленне.

«Прыехала міліцыя. Забірае. Нібыта ёсць пытанні».

Паведамленне прыйшло ў 6.49 раніцы. На тэлефанаванні цяпер Сяргей не адказвае.

Сяргей Паўлюкевіч быў удзельнікам Плошчы. Адсядзеў дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту. У ізалятары яго спрабавалі завербаваць супрацоўнікі КДБ. Пасля вызвалення ў яго на кватэры быў праведзены ператрус, падчас якога забралі камп’ютар. З’яўляецца адміністратара суполкі «Мы за Вялікую Беларусь» на сайце vkontakte.ru.

Каля 6.30 людзі ў цывільным, прадставіўшыся крымінальных вышукам, спрабавалі ўварвацца ў кватэру, дзе пражывае актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Дзьякава. Дзяўчына адмовілася адкрываць ім дзверы. Зараз яны працягваюць дзяжурыць каля яе пад'езда.

* * *

Дзеячы апазіцыі заклікалі людзей сёння ўвечары пасля працы ўскласці кветкі да помніка Янку Купалу.

Улады таксама баяцца, што Малады Фронт арганізуе шэсце «ад Коласа да Купалы», ад плошчы Якуба Коласа да сквера Янкі Купалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?