Водар волі
Скідай, вясна, зімовыя кайданы!
Фарбуй святлом ўсе шэрыя муры!
Растане лёд, што быў зіме адданы,
і водар волі ўвойдзе у двары.
Той водар йдзе праз сцены і парканы;
Нябачны ён і тонкі да пары.
Як птушкі лёт, ён небам ўскалыханы;
яго пачуюць блізкія сябры.
Не ўтаймаваць дух, воляй апантаны, —
нязгасны зніч у прыцемным віры
падзей і лёсаў, ўсім наканаваных —
наперад свеціць, знізу дагары.
Красуй, вясна, ярчэй за ўсе заганы!
Спашлі цяпло на сэрцы і палі!
Я чую крок, які мацней шторанак.
Так крочыць воля ўвесну па зямлі.
сакавік 2011
0
0
0
0
0
0