КДБ Беларусі заявіў, што інфармацыя, якая распаўсюджваецца пасля смерці палітолага з кампаніі «Гавары праўду!» Святланы Навумавай, носіць «паклёпніцкі і правакацыйны характар».

Канфіскацыя грашовых сродкаў у ейнай кватэры пры правядзенні ператрусу следчай групай КДБ не здзяйснялася, піша Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГБ на сайце арганізацыі. І ў пацвярджэнне публікуе законна пацвярджае адпаведны пратакол ад 4 студзеня 2011 года.

Праўда, КДБ замоўчвае той факт, што грошы, якія Навумава збірала на перасадку ныркі, былі сканфіскаваныя шчэ ў маі, у часе першых ператрусаў. Фармальна іх выняла міліцыя, а не КДБ. Але зняважліва для рэпутацыі камітэта было б думаць, што тыя ператрусы адбыліся без накіравання дзяржбяспекі.

Далей КДБ піша: «Не адпавядае рэчаіснасці і інфармацыя аб тым, што нібыта Святлана Навумава вымушаная была прыбываць на допыты ў КДБ, нягледзячы на свой хваравіты стан. Улічваючы асаблівасці ейнага здароўя, следчыя дзеянні праводзіліся ва ўстановах аховы здароўя з дазволу лекараў. Апошнія паказанні С. Навумава падала следству 18 лютага 2011 г. па месцы жыхарства ў прысутнасці сваякоў».

Беспадстаўнымі называюць у КДБ і выказванні ў СМІ аб тым, што з боку Камітэта была арганізаваная перашкода прысутнасці на цырымоніі развітання з памерлай кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

Следчыя дзеянні ў адносінах да Андрэя Дзмітрыева, намечаныя на 13.00 12 сакавіка 2011 года, з улікам ягонай просьбы аб удзеле ў жалобнай цырымоніі, былі перанесеныя на 9.00. Але з прычыны непрыбыцця аднаго з адвакатаў ў гэты дзень следчыя дзеянні не ажыццяўляліся.

Афіцыйнага хадайніцтва ў КДБ ад Уладзіміра Някляева, які знаходзіцца ў дадзены момант пад хатнім арыштам, аб змене яму меры стрымання ў сувязі з пахавальнымі мерапрыемствамі Святланы Навумавай не паступала.

«Інфармацыя, якая паступае ў КДБ пра заказчыкаў і выканаўцаў распаўсюджвання паклёпніцкіх выдумак, абавязвае ЦІГС паўторна растлумачыць непазбежнасць прававой ацэнкі і адказнасці за падобныя правапарушэнні», грозна папярэджвае дзяржбяспека.

Мы не здолелі пакуль звязацца з Вольгай Някляевай і высветліць, ці адпавядае рэчаіснасці сцвярджэнне камітэцкіх адказных за сувязі са СМІ адносна Някляева.

Звяртае ўвагу, што КДБ стала актыўней дзейнічаць на інфармацыйным полі, прычым канвенцыйнымі метадамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?