Сьледам за канцэртам «Ляпіса Трубяцкога» ў Гомелі раптоўна адменены выступ яшчэ аднаго фігуранта «чорнага» сьпіса. Не адбудзецца сольны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча у берасьцейскім Тэатры лялек, нягледзячы на тое, што яго правядзеньне было цалкам узгоднена з мясцовымі ўладамі.

«Бачна, што «чорны сьпіс» рэальна дзейнічае, гэта не фальшыўка, як сказаў міністр Праляскоўскі. Прыкра, што наша краіна застаецца правінцыйнай і вяртаецца ў сярэднявечча», — заявіў сьпявак.

Як кажа арганізатар выступа Вайцюшкевіча ў Берасьці Зьміцер Назараў, на імпрэзе 18 сакавіка мог быць аншляг. «Такога ажыятажу на квіткі беларускага выканаўцы ў нас не было даўно. Толькі ў першы дзень замовілі пад 200 квіткоў», — кажа Зьміцер. Але раптам яго выклікаў да сябе дырэктар тэатру Міхаіл Шавель і папрасіў адмяніць канцэрт, без тлумачэньня прычынаў. «У тэатры толькі віталі ідэю правядзеньня імпрэзы, дурнямі іх выставілі гарадскія ідэолягі, — кажа арганізатар. — Хоць у самім аддзеле ідэалёгіі гарвыканкаму мне сказалі раней, што лічаць „чорныя“ сьпісы лухтой і нават паставілі пячатку на афішу Вайцюшкевіча. Ім лягчэй не браць на сябе адказнасьць за адмену — лепей націснуць на дырэктара ДК ці тэатра».

«Сумна, што мы зноў вяртаемся да забаронаў.

Бачна, што „чорны“ сьпіс рэальна дзейнічае, гэта не гнюсная фальшыўка, як сказаў міністр Праляскоўскі.

Прыкра, што наша краіна застаецца правінцыйнай і вяртаецца ў сярэднявечча. У сувязі з забаронай канцэрту вядзецца нават не пра фінансавыя страты, колькі пра маральныя. Усё ж хацелася, каб у ня надта беларускамоўным Берасьці прагучала беларускае слова. Канечне, рукі не складаю ў сувязі з перашкодамі. Будзем дзейнічаць па-іншаму, выкручвацца, як зможам, выдумляць ды ўгаворваць, шматгадовы досьвед у гэтым я ўжо маю», — так пракамэнтаваў сытуацыю сам Зьміцер Вайцюшкевіч.

Пакуль беларускім выканаўцам перашкаджаюць выступаць толькі ў рэгіёнах.

У сталіцы ў гэтым пляне усё спакойна. Пасьля таго, як зьявілася інфармацыя пра вяртаньне «чорнага» сьпісу, тут пасьпяхова прайшоў канцэрт таго ж Вайцюшкевіча на 8 сакавіка. Ніякіх негатыўных сігналаў не атрымалі і арганізатары будучых канцэртаў іншых фігурантаў таго сьпіса — гуртоў Neuro Dubel і «Ляпіс Трубяцкой».

Па неафіцыйнай інфармацыі, сьпіс з пералікам непажаданых выканаўцаў, актораў і пісьменнікаў быў разасланы на пачатку сакавіка з ініцыятывы Міністэрства інфармацыі і Адміністрацыі прэзідэнта ў дзяржаўныя СМІ і культурныя установы краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?