У Беларусі падрыхтаваны праект указа «Аб Банку развіцця Рэспублікі Беларусь», паведамілі ў Асацыяцыі беларускіх банкаў.

Асацыяцыя беларускіх банкаў унесла на разгляд Савета Міністраў шэраг прапаноў па функцыянаванню Банка развіцця, які ствараецца ў краіне. У прыватнасці, на думку экспертаў, крыніцай уласных сродкаў фінансавай установы могуць быць пазабюджэтныя фонды фінансавання інавацый, бюджэтныя сродкі, якія выдзяляюцца на развіццё эканомікі краіны, а таксама іншыя крыніцы фарміравання рэсурснай базы. Дзейнасць гэтага фінансавага інстытута павінна будавацца на самаакупнасці. Акрамя таго, Банк развіцця Беларусі павінен імкнуцца мабілізаваць прыватны айчынны і замежны капітал.

У асацыяцыі таксама лічаць, што дзейнасць банка павінна быць субсідыярнай, гэта значыць служыць дапаўненнем да дзейнасці камерцыйных банкаў. Зыходзячы з прынцыпу субсідыярнасці, мэтазгодна пры выдачы крэдытаў у рамках вялікіх праграм са значнай колькасцю крэдытаатрымальнікаў прадугледжваць падключэнне камерцыйных банкаў, што з’явіцца інструментам стварэння дзяржаўна-прыватных партнёрстваў.

У мэтах выканання даручэння Саўміна Міністэрства фінансаў сумесна з Міністэрствам эканомікі і Нацыянальным банкам разгледзела прапановы Асацыяцыі беларускіх банкаў. З улікам выпрацаванай адзінай пазіцыі ў Савет Міністраў унесены праект указа Прэзідэнта «Аб Банку развіцця Рэспублікі Беларусь», якім прадугледжана стварэнне падпарадкаванага Саўміну рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь», які функцыянуе ў асноўным за кошт сродкаў бюджэту. Усе ініцыятывы Асацыяцыі беларускіх банкаў знайшлі адлюстраванне ў праекце ўказа.

У адпаведнасці з праектам банк ствараецца ў мэтах эканамічнага развіцця краіны і паляпшэння стану фінансавай сістэмы рэспублікі. Яго стварэнне павінна эфектыўна садзейнічаць ажыццяўленню дзяржаўнай інвестыцыйнай дзейнасці і будзе садзейнічаць павышэнню адказнасці і эфектыўнасці прыняцця рашэнняў па выбару і фінансавай падтрымцы праектаў, ажыццяўленне якіх накіравана на эканамічнае развіццё Беларусі.

Вынікам стварэння банка і адпаведнага змянення сістэмы фінансавання дзяржаўных праграм будзе дасягненне мэты зніжэння кошту крэдытных рэсурсаў за кошт мінімальнай маржы, магчымасці фінансавання дзяржаўных праграм па прыярытэтных напрамках, у тым ліку накіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё, падтрымку развіцця малога і сярэдняга бізнесу, экспартаарыентаваных праектаў.

Для мабілізацыі замежнага капіталу ў праекце прадугледжана норма аб тым, што гэты банк можа быць упаўнаважаны ўрадам Беларусі на ажыццяўленне аперацый па прыцягненню, абслугоўванню і пагашэнню знешніх дзяржаўных пазык і знешніх пазык, прыцягнутых пад гарантыі беларускага ўрада.

Як паведамлялася раней са спасылкай на першага намесніка старшыні праўлення Нацбанка Мікалая Лузгіна, Нацыянальны банк чакае, што рашэнне аб стварэнні ў Беларусі Банка развіцця будзе прынята ў бліжэйшы час.

На думку прадстаўніка Нацбанка, стварэнне такога банка разгрузіць беларускія дзяржбанкі ў частцы крэдытавання дзяржпраграм. «Мы частку гэтых праграм перавядзём на крэдытаванне на конкурснай аснове. Гэта дасць магчымасць зрабіць больш рыначнымі адносіны ў сферы крэдытавання дзяржпраграм, значна ўзмоцніць ступень канкурэцыі ў банкаўскім асяроддзі і ў цэлым палепшыць паказчыкі работы дзяржбанкаў», — лічыць ён. Паводле слоў Мікалая Лузгіна, вывядзенне крэдытавання дзяржпраграм на рыначныя адносіны будзе садзейнічаць больш эфектыўнай рабоце банкаўскай сістэмы, а таксама больш паспяховаму ажыццяўленню саміх праграм.-0

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?