Царква-крэпасцьСвята-Раства Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна (Гродзенская вобласць) будзе прэтэндаваць на ўнясенне ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Падрыхтоўку дасье па гэтым аб’екце плануецца завяршыць у канцы 2011 года, паведаміў навуковы кіраўнік работ па рэканструкцыі царквы-крэпасці Генадзь Лаўрэцкі.

Паводле яго слоў, цяпер на гісторыка-культурнай каштоўнасці вядуцца комплексныя навуковыя даследаванні, паколькі для таго, каб скласці поўнае і карэктнае дасье, неабходна атрымаць максімальна дакладныя даныя. У гэтым годзе плануецца расчысціць прылеглыя да храма тэрыторыі, пасля чаго — аднавіць уязную браму і агароджу вакол царквы. Акрамя таго, у помніку архітэктуры праводзіцца зандаж — зняцце слаёў тынку, што дае магчымасць выявіць характар кладкі і захаваныя сляды перабудовы. Акрамя таго, часам пад познім тынкам адкрываюцца слаі больш ранніх абмазак, пафарбовак або нават размалёвак. Як адзначыў Генадзь Лаўрэцкі, зандаж на кожным этапе павінен мець экспазіцыйны характар, і менавіта да гэтага імкнецца навуковы кіраўнік аб’екта. Цяпер сцены храма прыведзены ў парадак, яны інфарматыўныя і цікавыя для турыстаў.

Узведзены ў першай палавіне XVI стагоддзя ў гатычным стылі знакаміты храм-крэпасць у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы сёння не толькі з’яўляецца помнікам абарончага беларускага дойлідства, але і лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю сусветнага значэння. Незвычайныя формы царквы прывялі некаторых даследчыкаў да думкі аб тым, што прыкладам для будаўніцтва царквы-крэпасці ў свой час паслужылі мусульманскія мінарэты. Храм уяўляе сабой чатырохвежавы аднапавярховы будынак з двухметровымі сценамі і высокім двухскатным дахам. Грозны і ваяўнічы выгляд храму надаюць вуглаватыя цыліндрычныя вежы з двума ярусамі байніц для стральбы з ручной агнястрэльнай зброі. Уваход у заходняй сцяне раней зачыняўся жалезнымі дзвярамі і абарончай рашоткай, якая апускалася зверху на ланцугах праз спецыяльны праём.

Старажытны беларускі храм з’яўляецца дзеючым. Штогод 21 верасня ў дзень Раства Прасвятой Багародзіцы і Дзевы Марыі там спраўляецца святочная літургія.

Абнавіцельныя работы вяліся ў храме-царкве яшчэ ў 80-я гады ХХ стагоддзя — у той жа час там быў зроблены добры рамонт, аднак навуковыя даследаванні праводзяцца на працягу апошніх некалькіх гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?