«Кіраўнік арганізацыі, якая аб’ядноўвае беларускія грамадскія структуры Літвы, Раман Вайніцкі сцвярджае, што беларусы Літвы выступаюць супраць увядзення эканамічных санкцый у адносінах да Беларусі, але за працяг дыялогу з суседняй краінай.
Дзеянні ўладаў гэтай краіны пасля выбараў прэзідэнта ён называе ўнутранай справай рэспублікі Беларусь, а апазіцыі — правакацыяй», паведаміў 9 сакавіка літоўскі інфармацыйны партал Delfi.

Тут, на нашу думку, патрэбна ўдакладненне. Бо чалавек неабазнаны пасля такіх словаў сапраўды можа падумаць, што спадар Вайніцкі выказаў агульную думку беларусаў Літвы, якія разам з ім «пляшуць пад дудку» беларускай амбасады ў Літве.

Між тым, сітуацыя іншая.

Не ўдаючыся ў глыбіні, зраблю невялікую даведку: Раман Вайніцкі ўзначаліў Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы (менавітая гэтая структура маецца на ўвазе пад арганізацыяй, якая «аб’ядноўвае беларускія грамадскія структуры Літвы») ў 2009 г., пасля смерці ягонага кіраўніка Лявона Мурашкі. Да гэтага Вайніцкі быў (і застаецца цяпер) кіраўніком Клуба аматараў беларускай народнай творчасці «Сябрына». Згаданае Згуртаванне, у асноўным, складаюць філіялы клуба «Сябрына» ў Літве. Раман Вайніцкі «сціпла» ўзяў на сябе права выказацца ад імя ўсіх беларусаў Літвы, не ўдакладняючы пры гэтым, што ані «Таварыства беларускай культуры ў Літве», ані «Таварыства беларускай мовы», не знаходзяцца пад яго кіраўніцтвам, гэтаксама як і «Віленскае таварыства палітвязняў і зняволеных», іншыя арганізацыі і многія беларусы Літвы, што папросту не ўваходзяць у якія-кольвек грамадскія арганізацыі. Яны не толькі не ўваходзяць у згуртаванне, а наадварот, прытрымліваюцца супрацьлеглых поглядаў, як напрыклад, кіраўнік Таварыства беларускай культуры

Хведар Нюнька, які вельмі катэгарычны ў ацэнцы сітуацыі, што склалася ў Беларусі:

— Калі візавыя меры не дапамагаюць змяніць сітуацыю, трэба пераходзіць да іншых, больш жорсткіх. Людзі, якія цяпер, па сутнасці, заложнікі ў руках Лукашэнкі, не вінаватыя, бо 19 снежня яны выйшлі на мірную акцыю, якая ператварылася ў правакацыю з боку рэжыму. І цяпер падыходзяць любыя меры дзеля вызвалення зняволеных, — упэўнены Хведар Якубавіч.

Нязгодныя з Раманам Вайніцкім і сябры Віленскага таварыства палітвязняў і зняволеных.
Кіраўнік Таварыства Валянцін Стэх паведаміў, што арганізацыя рыхтуе з гэтай нагоды заяву на адрас кіраўніцва Літвы (у МЗС, Прэзідэнту, у Сейм).

12 сакавіка ў Рызе пройдзе канферэнцыя беларусаў замежжа (Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Расіі), на якой, упэўнены Раман Вайніцкі, будзе прынята заява з заклікам не ўводзіць санкцыі ў адносінах да Беларусі, якую разашлюць кіраўнікам дзяржаў і ў СМІ.

Пра іншыя краіны казаць не буду,

але ад беларусаў Літвы ў ёй возьме ўдзел толькі праўладная грамадская арганізацыя, якой кіруе спадар Вайніцкі.

Выніковыя заявы такой канферэнцыі відавочныя. І ў лепшых традыцыях нашай дзяржавы ўжо загадзя ёсць упэўненасць, што яны будуць прынятыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?