Дэманстрант спіць на плошчы Тахрыр. На ім надпісы: «Далоў галоўнага бандыта» і «Народу рашаць!»

Дэманстрант спіць на плошчы Тахрыр. На ім надпісы: «Далоў галоўнага бандыта» і «Народу рашаць!»

Нефармальны апазіцыйны Рух 6 красавіка заклікаў усіх жыхароў Каіра далучыцца да масавай дэманстрацыі ў аўторак.
Пратэсты ў Каіры доўжацца ад мінулага аўторка, цэлы тыдзень. Ад пятніцы яны набылі характар народнага паўстання.

Дэманстранты ўзялі пад свой кантроль цэнтр Каіра, Александрыю і Суэц. Спробы разагнаць дэманстрантаў у пятніцу скончыліся няўдачай. Загінулі больш за 100 пратэстоўцаў і паліцыянтаў, больш за 2000 было паранена. пасля гэтага паліцыя сышла з вуліц, у гарады ўвялі часткі Рэспубліканскай гвардыі і сухапутных войскаў. Аднак вайскоўцы захоўвалі нейтралітэт і не чапалі людзей на плошчах, якія, у сваю чаргу, браталіся з салдатамі.

Рух 6 красавіка ўзнік напярэдадні пратэстаў. Хто яго стварыў і хто лідары, дакладна невядома. У яго згуртаваліся пераважна маладыя людзі, якія каардынаваліся праз Інтэрнэт.

Дарэчы, егіпецкія ўлады нарэшце ўключылі інтэрнэт, які быў заблакаваны ад пятніцы.

Усе апошнія ночы на цэнтральнай плошчы Каіра, плошчы Тахрыр, начавалі некалькі соцень дэманстрантаў. Аднак у панядзелак ад ранку вайскоўцы атачылі плошчу калючым дротам. Яны заявілі, што больш не пусцяць маніфестантаў на яе.

Учора апазіцыйныя партыі абралі Махамеда аль-Барадэі, былога кіраўніка МАГАТЭ і нобелеўскага лаўрэата, а раней – егіпецкага дыпламата дэмакратычных поглядаў, у якасці свайго перамоўніка з уладамі.
Барадэі лічыцца памяркоўным палітыкам, ён добра вядомы ў свеце. Што важна, ягоную кандыдатуру падтрымалі не толькі свецкія і ліберальныя групоўкі, але і “Браты-мусульмане” – незарэгістраваная арганізацыя, што мае вялікую папулярнасць у народных масах.

ЗША, ключавы саюзнік і спонсар Егіпта, наўпрост не выступілі да сыходу Мубарака, але настойліва заклікаюць да неўжывання сілы да мірных дэманстрантаў і “палітычных і эканамічных рэформаў”.

У сваю чаргу, 82-гадовы прэзідэнт Хосні Мубарак загадаў новаму прэм’ер-міністру знізіць цэны і павысіць дзяржаўныя субсідыі.
Упершыню за 30 гадоў ён прызначыў сабе віцэ-прэзідэнта. Ім стаў 74-гадовы кіраўнік егіпецкай разведкі Амар Сулейман. Сілавыя структуры захоўваюць падпарадкаванне Мубараку, аднак, паводле сведчанняў рэпарцёраў, паліцыя “разбеглася” ў пятніцу і самаўхілілася ад выканання праваахоўных функцый. Прычым гэта датычыла і часткі спецназа.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?