Затрыманыя ўчора вечарам на Кастрычніцкай плошчы Мінска адпушчаны без складання пратаколаў.Як паведамлялася раней, акцыя праводзілася ў знак салідарнасці з затрыманымі 19 снежня,
а таксама ў знак пратэсту супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнка, якая прайшла ў той дзень у Палацы Рэспублікі. Прысутныя выставілі на тратуары свечкі ў форме лічбы 19. Праз 20 хвілін прыехаў аўтобус са спецназам. Некаторых удзельнікаў акцыі пагрузілі ў аўтобус і павезлі.
Паводле звестак праваабаронцаў, былі затрыманыя восем чалавек, у тым ліку грамадзянін Украіны. Усіх іх даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска, адкуль праз некалькі гадзін адпусцілі без складання пратаколаў.
Пры гэтым палова затрыманых правялі ў РУУС больш як тры гадзіны, прадугледжаныя для такіх выпадкаў
Праваабаронцы таксама ўказваюць на грубыя паводзіны супрацоўнікаў спецназа, якія падчас затрымання выкарыстоўвалі фізічную сілу і зневажалі ўдзельнікаў акцыі.
Стала вядома і аб прэвентыўных затрыманнях на Кастрычніцкай плошчы 21 студзеня. Так, паводле інфармацыі праваабаронцаў, каля 13.00 быў затрыманы Андрэй Філіпчык.
Яго «віна» заключалася ў тым, што ён пасміхаўся, гледзячы на ўстаноўлены на плошчы вялікі экран, дзе транслявалася інаўгурацыя Лукашэнкі.
Суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў Філіпчыка на 15 базавых велічыняў.
Недзе ў 17.00 на Кастрычніцкай плошчы быў таксама прэвентыўна затрыманы актывіст ініцыятывы «ГейБеларусь» Сяргей Прадзед. Яго пратрымалі ва ўчастку міліцыі чатыры гадзіны і адпусцілі.