Заява Расійскага ПЭН-цэнтра ў абарону Уладзіміра Някляева

Расійскі ПЭН-цэнтр глыбока абураны арыштам аднаго з кіраўнікоў Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзіміра Някляева, вядомага беларускага паэта, празаіка, грамадскага дзеяча, лаўрэата шэрагу прафесійных і дзяржаўных узнагародаў за літаратурную дзейнасць. У Расіі добра ведаюць творчасць Уладзіміра Някляева. У кастрычніку 2010 года ў Маскве ў перакладзе шэрагу расійскіх паэтаў, з прадмовай Яўгенія Еўтушэнкі, выйшла яго новая кніга вершаў «Акно».

19 снежня кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў быў жорстка збіты па дарозе на Кастрычніцкую плошчу, яму нават не далі даехаць да мітынгу. З чэрапна-мазгавой траўмай, у несвядомым стане ён быў дастаўлены ў бальніцу, а адтуль выкрадзены людзьмі ў цывільным, што выклікае асаблівую трывогу ва ўсіх, хто памятае пра спосабы расправы А. Лукашэнкі са сваімі палітычнымі супраціўнікамі (В. Ганчаром, Ю. Захаранкам, Дз. Завадскім і інш.) Нападу падвергнуўся і іншы апазіцыйны кандыдат у прэзідэнты — Мікалай Статкевіч. 17 чалавек, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, абвінавачваюцца ўладамі Беларусі па справе, распачатай на падставе ч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Сярод іх — шэсць былых кандыдатаў у прэзідэнты: Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Алесь Міхалевіч. Ім пагражае пазбаўленне волі да 15 гадоў.

Абапіраючыся на Хартыю Міжнароднага ПЭН-клуба, у якой, у прыватнасці, сказана, што «… неабходнае прасоўванне чалавецтва да больш высокім формаў палітычнай і эканамічнай арганізацыі патрабуе свабоднай крытыкі ўрада, органаў кіравання і палітычных інстытутаў», мы 

патрабуем неадкладнага вызвалення Уладзіміра Някляева і яго паплечнікаў і лічым абсурднымі і неправамернымі дзеянні ўладаў Беларусі — дзяржавы, якая нібыта прытрымліваецца дэмакратычных прынцыпаў кіравання.

Старшыня — Андрэй Бітаў

Намеснік старшыні — Аляксей Сіманаў

Чальцы Выканкама — Леў Цімафееў, Юна Морыц, Аляксандр Гарадніцкі, Людміла Уліцкая

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0