У двух мікрааўтобусах на Нямізе, надгляду якіх, як раней паведамляў МУС, вечарам 19 снежня перашкаджаў натоўп агрэсіўна настроеных людзей, знойдзены вялікі набор небяспечных прадметаў.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, у транспартных сродках знойдзеныя і канфіскаваныя петарды, бензін, газавыя балончыкі, дымавыя шашкі, процівагазы, металічныя пруты і ражкі, а таксама завостраныя калы і святлогукавыя гранаты.

Нагадаем, гаворка ідзе пра сутыкненне з міліцыяй калоны дэманстрантаў на чале з Уладзімірам Някляевым, хоць такую падрабязнасць МУС не паведамляе. Паводле версіі міліцэйскага ведамства, два аўтобусы, аточаныя шчыльным колам грамадзян, многія з іх былі ў стане алкагольнага ап`янення, рухаліся ў бок Кастрычніцкай плошчы.

«Паводле аператыўнай інфармацыі, у транспартных сродках маглі знаходзіцца выбуховыя прыстасаванні. Для правядзення надгляду гэтых аўтобусаў рух калоны супрацоўнікамі міліцыі быў спынены. Апошнія пры сабе не мелі ніякіх спецсродкаў і зброі. На законныя патрабаванні праваахоўнікаў натоўп пераважна маладых людзей адрэагаваў агрэсіўна. Яны пайшлі на супрацоўнікаў міліцыі, ужыўшы ўсе сродкі, якія мелі: палкі, камяні, вуды, што выкарыстоўваліся як дрэўка для сцягоў. У адказ на гэта супрацоўнікі міліцыі былі вымушаныя адціснуць правапарушальнікаў. У выніку некалькі абаронцаў правапарадку атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Яны шпіталізаваныя», — гаварылася ў паведамленні УІГС МУС.

Пра тое, што людзі былі атакаваныя міліцыяй з ужываннем спецсродкаў, і пра тое, што ў выніку сутыкнення быў паранены Някляеў, нічога не паведамляецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?