Дзілма Русеф, кандыдат ад кіроўнай Партыі працоўных, перамагла ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Бразіліі, што прайшлі 31 кастрычніка.

 Дзілма Русеф, фота globo.com

Дзілма Русеф, фота globo.com

За яе аддалі галасы 55% выбаршчыкаў, яе супернік ад апазіцыйнай Сацыял-дэмакратычнай партыі Жазэ Сэра атрымаў 45% галасоў.

Русеф змяніла на пасадзе кіраўніка дзяржавы свайго аднапартыйца Луіша Інасіу Лула да Сілву. Яна дагэтуль займала пасаду кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта.

Новы прэзідэнт збудавала сваю перадвыбарчую кампанію на абяцанні працягнуць палітыку папярэдніка, вынікам якой стаў бурны эканамічны рост краіны за апошнія гады.

Сам Лула да Сілва, які адпрацаваў абодва свае прэзідэнцкія тэрміны з рэкорднымі рэйтынгамі папулярнасці, не мог паводле канстытуцыі краіны балатавацца трэці раз запар.

***

Дзілма Русеф нарадзілася ў 1947 г. у Белу-Арызонты. Яна — дачка балгарскага эмігранта, камуніста Пятра Русева (Петър Русев). Яе бацька, актыўны чалец камуністычнай партыі эміграваў з Балгарыі ў 1929 г. у Францыю, нейкі час жыў у Францыі і Аргенціне.

У 1967 г. Дзілма далучылася да моладзевай арганізацыі Сацыялістычнай партыі Бразіліі,

а затым яе радыкальнай фракцыі, якая адстойвала ідэю барацьбы супраць дыктатуры з дапамогай метадаў «гарадской герыльі».

У баявых дзеяннях удзелу не брала, але ў 1970-м годзе атрымала два гады турмы.

Па выхадзе з турмы адышла ад радыкалізму й занялася легальнай палітычнай дзейнасцю ў апазіцыйных партыях.

У канцы 1980-х працавала скарбнікам у мэрыі Порту-Алегры, у 1990-я ўзначальвала недзяржаўны Фонд эканомікі і статыстыкі, працавала ў міністэрстве энергетыкі штата Рыу-Грандзі-ду-Сул. Доўгі час была ў Дэмакратычнай партыі, а ў канцы 1990-х перайшла ў Партыю працоўных.

Пасля абрання да Сілвы ў студзені 2003 г. была прызначана міністрам энергетыкі, а з ліпеня 2005 г. узначаліла адміністрацыю прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?