Больш за тое, міліцыянт кінуў 17-гадовага хлопца паміраць і паспрабаваў схавацца з месца здарэння.

Распачатая крымінальная справа ў дачыненні да інспектара ДПС ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама, які, седзячы п’яны за рулём аўтамабіля, збіў насмерць 17-гадовага хлопца.

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ўначы 27 чэрвеня. Інспектар ДПС ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама старшы лейтэнант Фёдар Аніськевіч ехаў на аўтамашыне «Аўдзі», якая належыць яго сяброўцы. Інспектар ДПС, які павінен сачыць, каб кіроўцы не парушалі правілы дарожнага руху і не садзіліся за стырно падпітымі, сам быў добра нападпітку.

У яго крыві пазней знайшлі 1,1 праміле алкаголю.
Зрэшты, аб маральным абліччы супрацоўніка ДАІ сведчыць не толькі дадзены факт.

Недалёка ад вёскі Шчэглікі Жабінкаўскага раёна ён збіў 17-гадовага хлопца, які ехаў на ровары.

Хлопец правілаў не парушаў і да таго ж быў пазначаны светлаадбівальнымі элементамі, але гэта яго не выратавала.
Прыблізна за 15 хвілін да поўначы п’яны супрацоўнік ДАІ збіў яго і кінуў паміраць, паспрабаваўшы схавацца з месца здарэння. Парушальніка хутка знайшлі і затрымалі, а хлопца даставілі ў шпіталь, дзе ён раніцай і памёр ад чэрапна-мазгавой траўмы.

Як растлумачылі ў пракуратуры Брэсцкай вобласці, па факце ДТЗ са смяротным зыходам у дачыненні да інспектара ДПС ДАІ распачатыя дзве крымінальныя справы — па ч. 2 арт.317 (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) і па ч.3 арт.159 (наўмыснае пакіданне ў небяспецы, здзейсненае асобай, якая сама па неасцярожнасці ці з ускосным намерам паставіла пацярпелага ў небяспечнае для жыцця або здароўя становішча). Расследаванне праводзіць УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?