У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга выбраных твораў Казіміра Сваяка — 54 том серыі «Беларускі кнігазбор».

Як паведаміў дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі, у 480‑старонкавым ілюстраваным выданні, складзеным і пракаментаваным Ірынай Багдановіч, упершыню максімальна поўна сабрана творчая спадчына Казіміра Сваяка (сапр. Кастусь Стаповіч; беларускі каталіцкі святар; 1890—1926).

Акрамя вядомых у свой час асобнага зборніка вершаў «Мая вера», п`есы «Янка Канцавы», драматычнай паэмы «Купалле», філасофскага дзённіка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі», у кнігу ўвайшлі раскіданыя па заходнебеларускіх перыядычных выданнях 1910—1920‑х гадоў шматлікія вершы, апавяданні, жарты, публіцыстычныя артыкулы на злабадзённыя тэмы тагачаснага жыцця, літаратурная і мастацтвазнаўчая крытыка. Упершыню паводле аўтографаў друкуюцца некаторыя вершы і лісты‑паштоўкі з месца санаторнага лячэння паэта ў Закапанэ (Польшча). У дадатку да зборніка прадстаўлены выбраныя біяграфічныя ўспаміны і літаратурна‑крытычныя матэрыялы, а таксама найбольш глыбокія і прачулыя вершы пра паэта.

Кніга паступіла ў продаж па кошце каля 28 тыс. рублёў.

Як зазначае Ірына Багдановіч, Сваяк найбольш раскрыўся ў паэзіі: яго творы прасякнуты патрыятычнымі думкамі і гуманістычнымі ідэямі, напоўнены высокай духоўнасцю, ранімай чалавечнасцю, устаноўкай на асветніцтва, пошукамі «найвышэшай справядлівасці».

Як паведаміў Вінярскі, сярод запланаваных да выдання ў серыі — зборнікі твораў паэта Васіля Зуёнка і гісторыка Міколы Ермаловіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?