Беларусы вераць у магчымасць сыходу Лукашэнкі, — кажа каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Ён даў інтэрв’ю польскай газеце «Rzeczpospolita».


RZ: — Калі ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары?

— Андрэй Саннікаў: Пакуль што дакладна невядома, але, напэўна, у перыяд з верасня гэтага году па люты 2011.

— Вы будзеце ўдзельнічаць?

— Так.

— У апазіцыі, здаецца, не будзе адзінага кандыдата на пасаду прэзідэнта. Ёсць шмат ахвотных выставіць сваю кандыдатуру…

— Toе, што ёсць шмат ахвотных, можа толькі радаваць. Відавочна, людзі вераць у магчымасьць сыходу Аляксандра Лукашэнкі. Але каб стаць кандыдатам на пасаду прэзідэнта, неабходна сабраць 100 тысяч подпісаў, а гэта нялёгка. Я спадзяюся, што апазіцыя здолее дамовіцца. Мы абмяркоўваем гэтыя магчымасці, а калі дзень выбараў будзе абвешчаны і пачнецца кампанія, гэтыя перамовы будуць набіраць абароты.

— Беларуская апазіцыя, аднак, вельмі раз’яднаная.

— Усе, хто ў апазіцыі, супраць рэжыму Лукашэнкі, але адрозніваюцца сваёй стратэгіяй і тактыкай. Я думаю, што ўдзельнічаць у гэтых выбарах варта не для таго, каб паказаць сябе. Мне зусім не трэба сябе паказваць. У выбарах трэба ўдзельнічаць, каб выкарыстаць шанец на перамогу. Людзі глядзяць на нас — як на ўладу, так і на апазіцыю. Шаснаццаць гадоў дыктатуры, 16 гадоў хамскай улады і падаўлення развіцця Беларусі — гэтага цалкам дастаткова. Апазіцыя, якая ўдзельнічае ў выбарах не для перамогі, а толькі для таго каб потым хоць неяк уплываць на палітыку Лукашэнкі, нікога не зацікавіць

— Ці будзе Расія ўплываць на ход выбараў?

— Расія заўсёды ўплывае на тое, што адбываецца ў Беларусі. Хаця б таму, што Лукашэнка ўсю эканоміку зрабіў залежнай ад расійскіх энергетычных рэсурсаў

— Як адрэагавала б Масква на прыход да ўлады ў Беларусі апазіцыі?

— Лукашэнка — гэта прадукт Расіі. Гэта яна яго стварыла. Ці выйграла яна ад гэтага? Паводле разлікаў незалежных экспертаў, за апошнія шэсць гадоў падтрымка Лукашэнкі каштавала Маскве 37, 5 мільярдаў даляраў. Эканоміка Расіі была рэфармаваная, нашая — не. Для таго каб расійцы маглі рабіць бізнэс у Беларусі, наша эканоміка павінная быць рэфармаванай. Беларусь знаходзіцца на шляху Расіі ў Еўропу. З такой эканомікай, таталітарным рэжымам і сумнавядомым невыкананнем пагадненняў усё стварае праблемы і Расіі, і Еўропе. Тым не менш, цяжка сказаць, ці наважыцца Масква змяніць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі.

— Еўропа выкарыстоўвала ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі палітыку як бізуна — санкцыяў, так і перніка — дыялогу. Але нічога не атрымалася дамагчыся ні адным, ні другім спосабам. Чаму?

— Таму што замест эканамічных санкцый, такіх як амерыканскія, увялі турыстычныя абмежаванні, г.зн. забарона на паездкі для Лукашэнкі і яго паплечнікаў. Між тым, улады сур’ёзна адчулі наступствы санкцыяў, уведзеных, напрыклад, у дачыненні «Белнафтахіма». Менавіта таму і прынялі рашэнне вызваліць палітычных зняволеных. Тым не менш, дыялог не прынёс вынікаў, таму што вёўся нягледзячы на тое, што Лукашэнка не выканаў ніводнай з пастаўленых яму ўмоваў. Зноў з’явіліся ў нас палітычныя зняволеныя, такія як Мікалай Аўтуховіч, асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў тэрарыстычнай дзейнасці. Аўтуховіч зноў абвясціў галадоўку, знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане, а з боку Еўрапейскага саюза не відаць ніякіх спробаў яго выратаваць.

— Ці гатовае беларускае грамадства да пераменаў?

— Большасць беларусаў не падтрымлівае Лукашэнку. І, як відаць з апытанняў грамадскай думкі, большасць хоча збліжэння з Еўропай. Можа, нават не дзеля нейкіх ідэалаў, а хоць бы нават з такой празаічнай прычыны, што невядома чаму, але ў Польшчы таннейшыя бульба, морква і цыбуля. Гэта не значыць, што беларусы аўтаматычна будуць падтрымліваць апазіцыю. За гэта, уласна, мы і павінныя змагацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?