Візіт прэзідэнта Беларусі ў Іран запланаваны на кастрычнік. Пра гэта паведаміў пасол Ірана ў Беларусі Сеед Абдала Хасейні на прэс‑канферэнцыі ў Мінску 15 чэрвеня.

«Спадар Лукашэнка хацеў, каб яго паездка ў Іран супала з адкрыццём праекта «Джафейр». Я маю на ўвазе менавіта адкрыццё прамысловай здабычы нафты», — сказаў пасол.

Пакуль, адзначыў ён, яшчэ не ўсё гатова да такога адкрыцця. «Хутчэй за ўсё, усё будзе падрыхтавана да кастрычніка, тады і адбудзецца паездка», — дадаў дыпламат.

Паводле меркавання Хасейні, Беларусь і Іран паспяхова развіваюць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. «У нас няма ніякіх абмежаванняў па супрацоўніцтве з Беларуссю. Мы ў любой сферы гатовы аказаць дапамогу, калі нас папросяць», — запэўніў ён.

Адказваючы на пытанне аб магчымасці паставак у Беларусь іранскай нафты ў сувязі з вядомымі праблемамі ў беларуска‑расійскіх адносінах, дыпламат сказаў: «Расія і Беларусь для нас з’яўляюцца сябрамі.

Нафтавае пытанне — гэта праблема паміж двума суседзямі, і мы стараемся ў гэта не ўмешвацца. Гэтую праблему яны самі вырашаць. Але любую дапамогу, якую просіць Беларусь, мы гатовы аказаць».

Удзел Беларусі ў распрацоўцы іранскіх нафтавых радовішчаў прадугледжаны мемарандумам аб супрацоўніцтве ў сферы энергетыкі, падпісаным падчас візіту ў Іран Аляксандра Лукашэнкі ў лістападзе 2006 года.

У лістападзе 2009 года прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з кіраўніком Цэнтральнага банка Ірана Махмудам Бахмані ў Мінску паведаміў, што беларускі бок ужо распачаў рэалізацыю праекта «Джафейр».

У канцы студзеня гэтага года першы віцэ‑прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка падчас перамоў з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Ірана Эсфандзьярам Рахімам Машаі заявіў, што сумесны праект па здабычы нафты на радовішчы Джафейр пачне даваць аддачу праз паўтара‑два гады.

«Для Беларусі надзвычай актуальная тэма здабычы нафты і яе рэалізацыя на сусветных рынках», — падкрэсліў Сямашка і выказаў удзячнасць кіраўніцтва Ірана за магчымасць здабычы нафты і яе далейшага продажу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?