Пяць сярэбраных і тры бронзавыя медалі заваявалі беларускія спартсменкі на чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы, што прайшоў у Брэмене (Германія) 16—18 красавіка.

У дарослых спаборніцтвах на іх рахунку сярэбраная і дзве бронзавыя ўзнагароды. Зборная Беларусі ў складзе Аляксандры Осіпавай, Ксеніі Санковіч, Аліны Туміловіч, Марыны Ганчаровай і Анастасіі Іваньковай была другой у мнагаборстве і трэцяй у асобных відах (пяць абручоў; тры стужкі і дзве скакалкі).

У індывідуальным шматбор'і Любоў Чаркашына заняла чацвёртае месца, уступіўшы расійскім гімнасткам Яўгеніі Канаевай і Дар’і Кандаковай, а таксама Аліі Гараевай з Азербайджана. Меліціна Станюта была шостай.

У медалёвым заліку дарослых спаборніцтваў перамагла Расія (4 залатыя і 1 сярэбраная ўзнагароды). За ёй размясціліся Італія (0, 2, 1), Беларусь (0, 1, 2) і Азербайджан (0, 0, 1).

Каманда беларускіх юніёрак у групавым практыкаванні заняла другое месца і не кваліфікавалася на I юнацкія Алімпійскія гульні‑2010, якія пройдуць у Сінгапуры. Ад Еўропы там выступіць Расія.

Юніёркі Наталля Лешчык і Арына Шарапа занялі трэцяе і чацвёртае месцы ў індывідуальных спаборніцтвах і трапілі ў шасцёрку лепшых гімнастак Еўропы, якія адправяцца на юнацкую Алімпіяду, паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?