Кіраўнік часовага кіргізскага ўрада Роза Атунбаева заявіла ў інтэрв'ю Associated Press, што новая ўлада краіны працягне з урадам ЗША дамову аб арэндзе ваеннай базы Манас, якая заканчваецца ў ліпені 2010г, яшчэ на год.
Акрамя гэтага, Атунбаева адзначыла, што гарантуе бяспеку былому прэзідэнта Курманбеку Бакіеву. «Мы дадзім яму ўсе гарантыі бяспекі, на якія ён мае права згодна канстытуцыі», -- сказала Атунбаева. Аднак дадала, што бяспеку новая ўлада гарантуе яму толькі ў выпадку складання прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.

У аўторак К.Бакіеў выступіў з заявай, што гатовы скласці з сябе паўнамоцтвы, калі яму і яго сям'і сапраўды будзе гарантаваная бяспека. Адначасова, яшчэ да заявы Бакіева, часовы ўрад сваім дэкрэтам пастанавіў зняць з прэзідэнта статус недатыкальнасці. У новым ўрадзе адзначылі, што калі Бакіеў не здасца сам, то будзе праведзена спецаперацыя па яго затрыманні.

Вайсковая база ў Манасе выкарыстоўваецца арміяй ЗША для дазапраўкі самалётаў, якія ажыццяўляюць палёты ў Афганістан, дзе НАТА праводзіць баявыя дзеянні супраць руху Талібан. За арэнду базы ўлады ЗША плацяць ураду Кыргызстана 63 млн дал штогод. Раней цэнтральнае камандаванне ўзброеных сілаў ЗША прыняло рашэнне часова не выкарыстоўваць авіябазу Манас для дастаўкі войскаў у Афганістан. Для перапраўкі туды дадатковых частак пакуль задзейнічаныя іншыя маршруты. Прадстаўнік Цэнтральнага камандавання арміі ЗША, Філіп Кроўлі, паведаміў, што ў Бішкек адпраўляецца памочнік дзяржсакратара ЗША У.Блэйк для вывучэння сітуацыі ў Кыргызстане.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?