Па выніках праведзенага ў сакавіку аўдыту Беларускі металургічны завод прызнаны лепшым пастаўшчыком металакорду і бартавога дроту кампаніі Michelin у 2009 годзе, паведаміла прэс‑служба Міністэрства прамысловасці.

Кампанія Michelin з’яўляецца адным з сусветных лідэраў у вытворчасці шын. Прадстаўнікі французскай фірмы ацэньвалі сістэму менеджменту якасці, працэс вытворчасці металакорду і бартавога бранзаванага дроту, а таксама ход лабараторных выпрабаванняў.

Агульная ацэнка па аўдыце склала 93,74% — «вельмі добра». Былі адзначаны высокі прафесіяналізм і адкрытасць персаналу БМЗ, стабільны і добра кіраваны тэхналагічны працэс. Высокая ацэнка дадзена дзейнасці цэнтральнай заводскай лабараторыі.

У 2009 годзе кампанія Michelin закупіла ў БМЗ больш чым 11 тыс. тон металакорду і больш як 4 тыс. тон дроту для бартавых кольцаў, стаўшы другім па аб’ёмах закупак спажыўцом гэтых відаў прадукцыі беларускага вытворцы.

***

Беларускі металургічны завод (Жлобін, Гомельская вобласць) заснаваны ў 1984 годзе. Вырабляе сталь, пракат, металакорд, дрот, трубы. У студзені 2006 года было арганізавана вытворчае аб’яднанне «Беларускі металургічны завод», куды ўвайшлі РУП «БМЗ», ААТ «Магілёўскі металургічны завод», РУП «Рэчыцкі метызны завод» і ААТ «Аршанскі завод швейных машын». БМЗ уваходзіць у пяцёрку лідэраў металургічнай галіны СНД.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?