Анатоль Лябедзька. Фота Радыё «Свабода»

Анатоль Лябедзька. Фота Радыё «Свабода»

Пасля сканчэння працы XIII з’езда Аб’яднанай грамадзянскай партыі на пытанні «Нашай Нівы» адказаў яе старшыня Анатоль Лябедзька.

«Наша Ніва»: Як Вам з’езд?

Анатоль Лябедзька: Нармальна. Ён мяне не расчараваў.

«НН»: А рашэнне наконт удзелу ў мясцовых выбарах? Яно досыць палавінчатае. З аднаго боку партыя здымаецца з выбараў, але асобныя сябры арганізацыі могуць працягваць кампанію.

АЛ: Нічога двухсэнсоўнага ў гэтым рашэнні няма. АГП як палітычная арганізацыя выходзіць з выбараў. Як выходзіць і калі выходзіць гэта ўжо іншае пытанне. Але на сёння партыя абвясціла дэмарш мясцовым выбарам. Гэта рэакцыя на тыя працэсы, што адбываюцца ў краіне напярэдадні іх правядзяння, а найперш не ўключэнне сяброў апазіцыйных палітычных партый у склад выбарчых камісіі. Гэтым самым мы змагаемся за змяненне правядзення прэзідэнцкай кампаніі. Сябры АГП могуць паўдзельнічаць у выбарах як прыватныя асобы, але ніякага партыйнага спіса, ці падтрымкі партыі не будзе. Лічу, гэта абсалютна нармальным.

«НН»: Тое, што Вас абіралі на безальтэрнатыўнай аснове, не засмуціла?

АЛ: Гэта падаецца на паверхі, што на безальтэрнатыўнай. Апошнія два месяцы ўнутры партыя вялася пэўная праца. Гэта былі мярзотныя дзеянні, якія больш характэрныя прадстаўнікам улады, а не дэмакратычнай апазіцыі. Але сюды былі замяшаныя і нашы партыйцы, і сябры іншых арганізацый. Я заўсёды выступаю за адкрытую канкурэнцыю. Я быў бы толькі рады, каб была створаная альтэрнатыўная каманда, якая б удзельнічала ў сходам перад з’едам, вяла б сумленнае змаганне. Дзеянне ж пэўных асоб сумленнымі я не назаву. Цяпер мы маем добрую каманду, якая можа вылучаць старшыню партыі (неабавязкова Лябедзьку), кандыдата ў прэзідэнты (неабавязкова Лябедзьку). На сёння я нават не старшыня партыі, а антыкрызісны менеджэр.

«НН»: Ужо па абранні Вы сказалі, што цяпер маеце права не падаваць руку некаторым апазіцыянерам. Дык каму?

АЛ: Сачыце, каму не падам рукі. Гэта і будзе адказ на вашае пытанне.

«НН»: Вялікае прадстаўніцтва моладзі ў Нацыянальным камітэце АГП радуе?

АЛ: Гэта добра. Яшчэ лепш будзе, калі моладзь возьме сабе канкрэтны кавалак працы і адказнасці. Гэта і будзе пераемнасць пакаленняў. Добра, калі знойдуцца тыя, што заменяць Багданкевіча, Дабравольскага, Шлындзікава, Лябедзьку.

«НН»: Чаму так мала гаварылі пра выбары прэзідэнцкія?

АЛ: Можна сказаць, што мы не зусім падрыхтаваныя. Нельга гаварыць пра нейкую падрыхтоўку, калі гэтым займаецца толькі адна палітычная структура. Намі была распрацаваная ідэя «праймерыз», але яна фактычна правалілася. Прайграў я, прайграла наша каманда. Мы маглі б сёння праспяваць пра ўдзел у выбарах, назваць свайго кандыдата. Але што далей? Гэта несур’ёзна, пакуль няма больш шырокай кааліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?