Апошнім часам даводзіцца чуць параўнанні дзеючага расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева з прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым. Як правіла, такую аналогію праводзяць у надзеі на тое, што Мядзведзеў вось-вось пачне ў краіне вялікія палітычныя рэформы, своеасаблівую Перабудову-2.

Сапраўды, у Мядзведзева і Гарбачова ёсць нешта агульнае. Абодва кіраўнікі былі прызначэнцамі кіруючых элітаў. Абодва яны прыйшлі ва ўладу недэмакратычным шляхам. Ад абодвух чакалі пераменаў. І абодва яны загаварылі аб неабходнасці сур'ёзных рэформаў у краіне практычна з першых дзён свайго кіравання.

Гарбачоў назваў сваю канцэпцыю рэформаў «перестройкой». Мядзведзеў кажа аб «мадэрнізацыі». Прычым, калі першапачаткова ён заяўляў толькі аб эканамічнай мадэрнізацыі, то ў канцы мінулага года падкрэсліў, што краіна мае патрэбу і ў палітычным рэфармаванні (праўда, у чым яно павінна заключацца, Мядзведзеў не ўдакладніў).

Аднак нават калі выказаць здагадку, што прэзідэнт Расіі насамрэч маральна гатовы ўзяць на сябе ролю «новага Гарбачова» (хоць аб'ектыўна падставаў гаварыць аб гэтым амаль няма), у краіны вельмі мала шанцаў на новую перабудову.

Справа ў тым, што палітычныя перадумовы для рэформаў у сучаснай Расіі і Савецкім Саюзе канца 1980-х маюць шэраг прынцыповых адрозненняў.

Першае і ключавое адрозненне заключаецца ў тым, што ў сучаснай Расіі жывы і здаровы «новы Андропаў». Больш таго, ён актыўна ўдзельнічае ў кіраванні краінай, фармальна займаючы другі дзяржаўны пост, а на практыцы надаў сабе тытул «нацыянальнага лідэра». Яго апаратная вага ў калідорах улады і сілавых структурах значна перавышае ўплыў намінальнага кіраўніка дзяржавы. Насамрэч менавіта ён – палітык нумар адзін у краіне.

Ці можна сабе ўявіць, каб Гарбачоў пачаў перабудову савецкай сістэмы пры жывым Андропаве? Думаю, наўрад ці.

Другое адрозненне заключаецца ў тым, што ў людзей, гатовых на практыцы ўдзельнічаць у рэфармаванні палітычнай і эканамічнай сістэмы, у адрозненне ад канца 1980-х гадоў, няма інстытуцыйнай падтрымкі ва ўладзе. Бо ключавым чалавекам у крамлёўскіх кабінетах тады быў Аляксандр Якаўлеў, які аказваў усебаковую дапамогу будучым дэмакратычным лідэрам, будучым прэм'ерам і членам урада, будучым дэпутатам. Сёння ў Крамлі няма фігуры, супастаўнай з Якаўлевым, якая гэтак жа ўцямна праводзіла б лінію на падтрымку прыхільнікаў рэформаў. Наадварот, цяперашні крамлёўскі «аддзел прапаганды» ўзначальвае Уладзіслаў Суркоў, які хутчэй прэтэндуе на ролю новага Міхаіла Суслава, чым Аляксандра Якаўлева.

Ён таксама маніякальна імкнецца кантраляваць палітычны працэс, падаўляць ідэалагічную разнастайнасць і ўмешвацца ў справы незалежных грамадскіх аб'яднанняў.

Ці можна ўявіць, каб Гарбачоў пачаў перабудову, калі б замест Якаўлева у яго быў Суслаў? Думаю, наўрад ці.

Акрамя гэтага, сучасная Расія і СССР канца 1980-х – гэта зусім розныя краіны. У адрозненне ад савецкага перыяду, Крэмль сёння не імкнецца да татальнага падаўлення асобы. Людзям дазволена ездзіць за мяжу, у крамах няма дэфіцыту, па тэлевізары паказваюць музычныя кліпы замежных выканаўцаў. За апошнія дзесяць гадоў Пуцін пабудаваў мадэль, якую можна назваць «Савецкі Саюз без чэргаў».

Ўлада стала іншай. Гэта ўжо не пенсіянеры, якія зладзілі ГКЧП. У Крамлі сёння разумныя, хітрыя і рашучыя чэкісты, якія збіраюцца быць ва ўладзе яшчэ вельмі доўга.

У канцы 1980-х Расіі пашчасціла, бо ў кіраўніцтве дзяржавы апынуліся людзі, якая ўсвядомілі тупіковасць палітычнага рэжыму і якія далі старт вялікім рэформам. Гэта было вялікім шчасцем. Чакаць, што Расіі другі раз за дваццаць гадоў ўдасца выцягнуць такі шчаслівы білет, даволі наіўна.

Вельмі важна, каб расійскае грамадства прыйшло да разумення таго, што не будзе больш добрага цара, які пабудуе дэмакратыю. Цары не будуюць дэмакратый. Нават манархі эпохі Асветніцтва могуць стварыць толькі часовую канструкцыю і лёс перабудовы – чарговы доказ гэтага.

Пакуль значная колькасць расійскіх грамадзян не ўсведамляе сваёй уласнай зацікаўленасці ў фарміраванні палітычнай сістэмы, заснаванай на прынцыпах дэмакратыі, у краіне захаваецца цэнзура, палітычныя рэпрэсіі і валюнтарызм уладаў.

І ніякі «новы Гарбачоў» не дапаможа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?