Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

17:34

Абвешчаны перапынак да серады 10:00. Пачаў паказанні даваць Уладзімір Асіпенка.

***

Працэс аднавіўся, дапытваюць Міхаіла Казлова. Да гэтага дапыталі Сяргея Мандзіка.

13:10

Тым часам ля будынка суда праходзіць акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Акцыю ладзяць актывісты Маладой Беларусі, Еўрапейскай Беларусі і Моладзі БНФ - Артур Фінькевіч, Яўген Афнагель ды інш.

13:05

Дапытаны былы начальнік Ваўкавыскага РАУС Сяргей Кацуба.

Ягоны недабудаваны дом гарэў 7 жніўня 2005 года. Агульны ўрон склаў больш за 9 мільёнаў рублёў, якія былі кампенсаваныя страхавой кампаніяй. Падпал адбыўся на другі дзень пасля вяселля ягонай дачкі.

Кацуба сцвярджае, што не ведаў, хто замаўляў гэты падпал. А даведаўся толькі з матэрыялаў гэтай справе.

Ён лічыць, што ў Аўтуховіча мог быць матыў, бо ў свой час ён канфіскоўваў аўтамабілі ў фірмы Мікалая Аўтуховіча.

Камянко і Кацуба вызваленыя ад далейшага знаходжання на судзе.

Абвешчаны перапынак да 14:00.

12:56

Дапытаны Васіль Камянко.

Ён з 1999 года працуе намеснікам міністра па падатках і зборах. З ліпеня 2003 года па люты 2005 года Камянко курыраваў праверку кампаніі «Ніка‑транс», якая належыла Аўтуховічу. Па словах Камянко, гэтае паручэнне ён атрымаў ад міністра Канстанціна Сумара.

Камянко зазначыў, што ў той час Аўтуховіч займаўся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Нягледзячы на тое, што дэкрэт Лукашэнкі забараняў наймаць на працу прадпрымальнікам больш за тры чалавекі, на «Ніка‑Транс» працягвала працаваць 45 чалавек. «І кантралюючыя органы гэта пакрывалі», — зазначыў В.Камянко.

Камянко прызнаўся, што ніколі не размаўляў з Аўтуховічам. Толькі аднойчы ў будынку Міністэрства ён бачыў чалавека, падобнага да Аўтуховіча, які размаўляў з вахцёрам.

На пытанне, ці паступалі Камянко пагрозы, ён адказаў, што

ўспрымае пагрозамі адкрытыя лісты Аўтуховіча да Лукашэнкі, дзе гаварылася пра «звядзенне рахункаў з чыноўнікамі, што твораць бясчынства».

Цікавая акалічнасць пра ўзаемадачыненні Камянко і Казлова. Міліцыянт Казлоў у свой час звяртаўся аб завядзенні крымінальнай справы на Камянко за карупцыйныя парушэнні. Такі зварот быў накіраваны міністру Навумаву. Камянко быў вымушаны шукаць абароны ва ўсемагутнага Віктара Шэймана. Справу не завялі.

«Камянко даўно павінен сядзець у кайданках тут, замест мяне», — сказаў Аўтуховіч.

11:33

Зараз пачнецца допыт пацярпелых па справе.

Былога міліцыянта з Гродна Міхаіла Казлова абвінавачваюць у тым, што ён меў сведчанні па справе Аўтуховіча, але з асабістай зацікаўленасці, насуперак інтарэсам следства не выдаваў яе.

Мікалай Аўтуховіч не прызнае сваёй віны. «У поўным аб’ёме?» — запытаўся суддзя. «У поўным», — адказаў Мікалай.

Не прызнаюць віну і Асіпенка з Казловым.

А вось Ларын прызнае «часткова». «Перавозка зброі, захоўванне, прыгатаванне да ліквідацыі». У чым не прызнае, адказаць не змог.

10:53

На суд не з’явіўся пацярпелы Уладзімір Саўчанка. Былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама напісаў заяву, што знаходзіцца цяпер на лячэнні і просіць разглядаць справу ў ягоную адсутнасць.

Калі суддзя пачаў пытацца, ці не супраць гэтага ўдзельнікі працэсу, то Аўтуховіч зазначыў: «Хацелася б яго пачуць асабіста». Але не стаў настойваць.

Стала нарэшце вядома, у чым канкрэтна абвінавачваюць Аўтуховіча.
Усе фрагменты справы датычаць перыяда 2004–2005 гадоў.

Першае абвінавачванне зводзіцца да таго, што ў верасні 2004-га Аўтуховіч разам з Аляксандрам Ларынам незаконна набылі агнястрэльную зброю — ручны карабін, з якога потым быў выраблены абрэз. Пры ператрусе ў лютым мінулага года дома ў Аўтуховіча знайшлі пяць патронаў.

У верасні 2005 года Аўтуховіч, нібыта з пачуцця помсты, даў каманду Ларыну і Аўцюкевічу падпаліць дом начальніка Ваўкавыскага РУУС Кацубы. А пазней тымі самымі людзьмі, з тых самых матываў, быў падпалены гараж падатковага інспектара Мандзіка.

Гаворыцца, што Аўтуховіч стварыў арганізаваную злачынную групу, дзейнасць якой каардынаваў. У склад групы ўваходзілі Ларын, Асіпенка і іншыя.

Гэтай групай быў набыты ручны гранатамёт РПГ-26, некалькі трацілавых шашак, а таксама электрадэтанатар.

Летам 2005 для захопу намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко Аўтуховіч набыў у Маскве два электрашокеры.
У ліпені Аўтуховіч, Ларын і Уланаў скрытна сачылі за перасоўваннем Камянко па горадзе. Але ніякіх дзеянняў зроблена не было.

У кастрычніку 2005 года Аўтуховіч, ужо знаходзячыся ў СІЗА, працягваў кіраваць арганізаванай групай. З турмы ён перадаў распараджэнне рыхтаваць замах супраць Саўчанкі.

Пры дапамозе Асіпенкі Ларын перавёз гранатамёт, а таксама выбухоўку ў Гродна. Наблізіўся на 140 метраў да дома старшыні аблвыканкама.

Аднак давесці справу да канца Ларын не змог, бо пачалі з’ўляцца мінакі, якія сталі маглі стаць перашкодай у здзяйсненні злачынства.

Такая версія пракурора.

* * *

Сёння ў Вярхоўным судзе Беларусі працягваецца працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі.

Суд пачаўся 10 сакавіка. Працэс вядзе суддзя Аляксей Цяцюхін. Пракурор — Сафараў.

Перапынак у судзе звязаны з тым, што Мікалай Аўтуховіч заявіў шэраг хадайніцтваў.

Суддзя задаволіў хадайніцтва аб дадатковым азнаямленні з справай Аўтуховічам, а таксама аб праверцы дзеянняў супрацоўнікаў УБОП.

Аўтуховіч заяўляў, што супраць яго і паплечнікаў ужываўся псіхалагічны ціск і шантаж.

Просьба Аўтуховіча што да капіявання матэрыялаў, то суддзя заявіў «па магчымасці». Хадайніцтва аб прыцягненні да справы Алега Воўчака і Аляксандра Камароўскага ў якасці абаронцаў была адхіленая. Нічога не адказаў суддзя і на хадайніцтва аб пераводзе справы ў суд ніжэйшай інстанцыі — Мінскі гарадскі суд ці Гродзенскі абласны.

Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка знаходзяцца за кратамі ад 8 лютага 2009 года. Іх вінавацяць у падрыхтоўцы тэракатаў супраць старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі і намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко, а таксама ў падпале дамоў ваўкавыскіх чыноўнікаў.

У зале прысутнічаюць лідэр Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч, каардынатар «Хартыі-97» Андрэй Саннікаў
, праваабаронца Алег Воўчак, намеснік старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка, дысідэнт Вячаслаў Сіўчык, былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?