У Беларусі з кожным годам павялічваецца сярэдні ўзрост жанчыны пры ўступленні ў шлюб,
паведаміў начальнік упраўлення па рабоце з карыстальнікамі статыстычнай інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Віктар Міхно.
Такая тэндэнцыя характэрна для многіх еўрапейскіх дзяржаў. Маладыя людзі не спяшаюцца звязваць сябе шлюбнымі вузамі, яны ствараюць сем’і ўсё больш у старэйшым узросце.
Так, у 2009 годзе сярэдні ўзрост беларускіх нявест склаў 24,2 года
(у 2008 годзе — 23,9 года, у 2007 годзе — 23,8, а ў 2000 годзе — 22,8 года).
«Старэнне» шлюбу тлумачыцца тым, што значная частка і жанчын, і мужчын імкнуцца спачатку атрымаць адукацыю, прайсці прафесійную падрыхтоўку, часта сумяшчаючы яе з працоўнай дзейнасцю, максімальна ўладкаваць будучае сямейнае жыццё.
Адпаведна становяцца старэйшымі і маці першынцаў, прычым і ў гарадах, і ў вёсцы. Паводле статыстычных звестак, сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці ў 2000 годзе ў Беларусі быў 23,3 года (у гараджанак — 23,6 года, у сельскіх жанчын — 22,2 года).
А ў мінулым годзе жыхаркі Беларусі нараджалі першае дзіця ўжо ў сярэднім у 24,6 года.
Асабліва адбілася адкладанне першых родаў у гарадской мясцовасці (гараджанкі нараджаюць цяпер першы раз у 25 гадоў).
У сельскай мясцовасці гэты паказчык склаў у 2009 годзе 23,1 года.
Трэба адзначыць, што нараджальнасць у апошнія гады фарміруецца ў асноўным за кошт нараджэння першынцаў — іх больш за палову сярод усіх нованароджаных. Аднак у 2007 годзе намецілася тэндэнцыя павышэння «ўкладу» паўторных нараджэнняў, яна прадоўжылася і ў 2008, і ў 2009 гадах.