Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

Беларуска-польскую артыстку AnaMova моцна кранула гісторыя дзяўчыны. «Гэтая песня — пасланне нашаму свету, дзе жанчыны знаходзяцца ў пастаяннай небяспецы», — кажа спявачка. Зараз у кампазіцыі з’явіўся кліп, які стварыў арт-калектыў Heartbreaking Performance, піша Reform.by.

З’яўляючыся актывісткай, AnaMova стварае музыку пра тое, што баліць у грамадстве:

«Гэтая песня нарадзілася ў той дзень, калі ў Варшаве была згвалтавана беларуская дзяўчына. Праз некалькі дзён яна памерла ў бальніцы. Супольнасць эмігрантаў і людзі, якія змагаюцца за правы жанчын, былі шакаваныя і аплаквалі яе, адбыўся вялікі марш у цэнтры Варшавы. Гэтае жудаснае злачынства справакавала ў асяроддзі беларусаў шмат успамінаў пра падобны досвед; жанчыны пачалі распавядаць свае гісторыі, у беларускай супольнасці прачнуўся рух, падобны на #metoo, які грымеў некалькі гадоў таму.

Гэтая песня — пасланне нашаму свету, дзе жанчыны знаходзяцца ў пастаяннай небяспецы. Нападаючы на жанчыну, злачынец пазбаўляе яе не толькі права на жыццё ці права на аўтаномію цела, але і права, напрыклад, патэлефанаваць маме ці з’есці ў апошні раз любімую страву.

Права жанчыны пражыць свае апошнія дні ведаючы, што гэтыя дні — апошнія…».

«Спадзяемся, што твор будзе сугучны з усімі, каго крануў хэштэг #хопіцьгвалціць», — адзначаюць стваральнікі кліпа.

У здымках відэа прымалі ўдзел беларускія і польскія акторы і актывісты: Ганна Мацкевіч, Максім Стасевіч, Андрэй Новік, Аксель Новік, Гена Буракоўскі, Аляксей Януковіч. Рэжысёр — Ганна Мацкевіч.

AnaMova нарадзілася ў Мінску, з 2016 вядзе творчую дзейнасць у Польшчы. Пачаўшы свой артыстычны шлях як рок-музыка, спявачка працягнула кар’еру ў галіне оперы. У апошні час поўнасцю засяродзілася на ўласных творах. Яе ўнікальны стыль спалучае рок, класіку, фольк і музыку кіно.

Арт-калектыў Heartbreaking Performance (HbP) вядомы як стваральнік праектаў: кіна-анталогіі «Менск 2020-2021», выставы і фотаальбома «Я хачу дадому», кросс-медыяльнага спектакля «Споведзь» ды іншых ініцыятываў.

Чытайце таксама:

«Мне пашчасціла. А Лізе — не». Пасля смерці беларускі ў Варшаве ў сеціве шырыцца хэштэг #хопіцьгвалціць — вось што пішуць 

Сведкі распавялі, чаму не выклікалі паліцыю падчас згвалтавання беларускі ў Варшаве

«Яе звалі Ліза». У Варшаве прайшоў Марш у памяць аб згвалтаванай і забітай беларусцы РЭПАРТАЖ

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0