Фота: AP Photo/Dmitry Serebryakov

Фота: AP Photo/Dmitry Serebryakov

У той вечар у зале павінен быў адбыцца канцэрт расійскага гурта «Пікнік», і на ім збіраліся прысутнічаць тысячы людзей. Амаль усе білеты былі выкупленыя, а гэта каля 6200 чалавек.

Але перад пачаткам канцэрта ў будынак уварваліся ўзброеныя людзі ў камуфляжы, якіх было не менш за пяць. Яны адкрылі страляніну спачатку па ахоўніках будынка, а пасля і па гледачах.

Спачатку паведамлялі пра як мінімум 12 загінулых і 35 параненых, але пасля лічба ўзрасла адпаведна да 40 і 100 і яна відавочна не канчатковая.

Музыкі гурта «Пікнік», як паведамляецца, не пацярпелі.

Пасля страляніны ў будынку «Крокус Сіці Хол» прагучаў выбух і пачаўся пажар. Пасля быў зафіксаваны яшчэ адзін выбух. 

Да будынка «Крокус Сіці Хол» былі накіраваныя паднятыя па трывозе супрацоўнікі маскоўскіх САХР і АМАП. Прыехалі і пажарнікі, але яны не адразу пачалі выратавальныя работы з-за таго, што ў будынку па-ранейшаму знаходзіліся тэрарысты. 

Пасля таго, як выратавальная аперацыя пачалася, пажарнікі вывелі з падвала будынка каля 100 чалавек, але гэта былі не ўсе, хто ў ім знаходзіўся. Паводле словаў губернатара Маскоўскай вобласці, шпіталізавалі 21 чалавека, з іх чацвёра ў цяжкім стане.

Пажар у «Крокус Сіці Холе» не могуць патушыць дагэтуль, яго плошча — 13000 квадратных метраў. Агонь ахапіў фасад будынка і ўжо перакінуўся на іншы корпус.

Расійскія пажарнікі не могуць патушыць узгаранне, бо яго ачаг знаходзіцца занадта далёка і ім не хапае даўжыні водных шлангаў. Падтрымку ратавальнікам аказваюць верталёты, набіраючы ваду з найбліжэйшых вадаёмаў.

Паведамляецца, што чатыром тэрарыстам нібыта ўдалося пакінуць месца атакі, але расійскія сілавікі затрымалі невядомага мужчыну з бэйджам. 

Таксама ідэнтыфікавалі аўтамабіль, на якім нібыта прыехалі тэрарысты. Мяркуецца, што ён можа стаяць на паркоўцы замініраваным. Яго ачапілі.

Усе выезды з Масквы перакрытыя, у маскоўскім метро пачаліся ўзмоцненыя догляды пасажыраў. Гэта сведчанне таго, што тэрарысты маглі паспець з'ехаць з месца падзей. 

Маскоўскія аэрапорты ўзмацнілі меры бяспекі.

У Маскве і ў Падмаскоўі пасля тэракта адмянілі ўсе забаўляльныя мерапрыемствы, запланаваныя на выхадныя. Тое ж самае робяць і ў іншых рэгіёнах.

З'яўляюцца паведамленні, што перад нападам на ўваходзе ў «Крокус Сіці Хол» не працавалі рамкі металадэтэктараў, а ахова не правярала сумкі ў людзей.

Прадстаўнік Белага дома Джон Кірбі заявіў, што ў Вашынгтоне атрымліваюць паведамленні аб тым, што здарылася ў Маскве. «Кадры адтуль жахлівыя і іх цяжка глядзець, — заявіў ён. Нашы думкі з тымі, чые блізкія загінулі ў выніку гэтага жудаснага нападу».

Таксама Кірбі заявіў, што ў Белага дома няма даных аб датычнасці Украіны да тэракту ў «Крокусе». Ён таксама падкрэсліў, што Вашынгтон загадзя не меў інфармацыі аб тэракце ў Маскве.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў заявіў з нагоды тэракта: 

«Гэта свядомая правакацыя спецслужбаў Пуціна, пра якую папярэджвала міжнародная супольнасць. Крамлёўскі тыран з гэтага пачынаў сваю кар'еру і такімі ж злачынствамі супраць уласных грамадзян хоча яе завяршыць».

Пра недатычнасць Украіны да гэтага тэракта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк, а таксама прадстаўнік Рускага добраахвотніцкага корпуса. 

Былы прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў адрэагаваў на тэракт у Маскве гнеўным допісам з пагрозамі Украіне

«Тэрарысты разумеюць толькі тэрор у адказ. Ніякія суды і расследаванні не дапамогуць, калі сіле не супрацьпаставіць сілу, а смерцям — татальнае пакаранне смерцю тэрарыстаў і рэпрэсіі супраць іх сем'яў. Сусветны вопыт.

Калі будзе вызначана, што гэта тэрарысты кіеўскага рэжыму, паступаць з імі і іх ідэйнымі натхняльнікамі інакш — немагчыма. Усе яны павінны быць знойдзеныя і бязлітасна знішчаны як тэрарысты. Уключаючы афіцыйных асоб дзяржавы, якая здзейсніў такое злачынства. Смерць за смерць».

Чытайце таксама:

«Гэта правакацыя спецслужбаў Пуціна» — ГУР Украіны пра страляніну ў Падмаскоўі

«Мінімум пяць чалавек, барадатыя». Што вядома пра тэрарыстаў, якія ўчынілі страляніну ў маскоўскім «Крокусе»

Тэракт на канцэрце ў Маскве — загінулі мінімум 40 чалавек

Клас
14
Панылы сорам
11
Ха-ха
11
Ого
6
Сумна
20
Абуральна
28