Сяргей Шалыгін. Фота з архіва героя

Сяргей Шалыгін. Фота з архіва героя

Сяргей Шалыгін — кіраўнік клуба «Ліцвіны», былы ваенны геадэзіст і падпалкоўнік запасу Узброеных сіл Беларусі, пазбаўлены Лукашэнкам свайго звання ў 2021 годзе за падтрымку пратэстаў. Пасля звальнення з войска працаваў у IT, у 2020-м увайшоў у ініцыятыўную групу Сяргея Ціханоўскага і быў адным з кіраўнікоў анлайн-платформы ZUBR, што маніторыла выбары.

«Наша Ніва»: Чаму вас «папрасілі» з Міністэрства абароны ў 2015 годзе?

Сяргей Шалыгін: Быў яшчэ канец 2014 года, як прыехаў да нас начальнік навігацыйна-тапаграфічнага кіравання Генеральнага штаба. Я тады быў намеснікам камандзіра, галоўным інжынерам. Мяне выклікалі да камандзіра і кажуць: «Сяргей Васільевіч, карацей, усё, мне сказалі, што ты больш не можаш працягваць службу. Я магу цябе перавесці ў Памежны камітэт, куды заўгодна, але ў Міністэрстве абароны цябе трымаць не можам. Прымай рашэнне». Я тады рэзка выказаўся, маўляў, калі вы за мяне ўпісацца не можаце, то я з вамі працаваць ніякім чынам не збіраюся.

Што нагодай было?

На стол міністру паклалі дакладную Упраўлення контрвыведкі. Матывы — 2014 год, пачатак заварухі ва Украіне, Крым, Данбас. І яны яму выдалі мае перапіскі ў сацыяльных сетках, лайкі-дызлайкі і гэтак далей. Па білінгах у 2010 годзе заўважылі на плошчы Незалежнасці. І вішанька на торце — вывучаю беларускую мову.

Я пачаў шукаць працу, але на дзяржаўныя пасады мяне не бралі, знаёмыя толькі абяцанкамі кармілі. Але відавочна, іх мякка пальчыкам паўшчувалі. Так я пабадзяўся, паспеў прадаць адну кватэру як агент па нерухомасці. А вясной 2015-га пайшоў перавучвацца ў ай-ці. І потым мяне запрасілі ў кампанію, дзе далі цікавы праект — аўтаматызаваная сістэма кіравання дарожна-будаўнічай тэхнікай. Такі ледзь не робат-бульдозер мы рабілі, дзе аператару трэба толькі на педалі націскаць.

Перад выбарамі я папрасіўся ў начальства на тыдні два з’ехаць, але як з’ехаў у ліпені 2020-га, так больш і не вярнуўся. Восенню 2020-га да мяне прыехалі сын з дачкой, а год таму — жонка. Мы ўсе — сям’я ўцекачоў.

«НН»: Вас папярэдзілі, што трэба з’язджаць?

СШ: Мне казалі: «Сяргей, незнаёмыя людзі ходзяць вакол твайго дома і цікавяцца, што чаго і як». Я быў каардынатарам па зборы подпісаў у Сяргея Ціханоўскага па ўсёй Беларусі і знайшоў сябе потым у схеме агульнай распрацоўкі. Калі ж Лукашэнка выказаўся, што трэба даць прававую ацэнку дзейнасці «Голаса» і «Зубра», то я зразумеў, што вяртацца мне ўжо ніяк нельга.

«НН»: Чым вы займаецеся ў Літве?

СШ: Па спецыяльнасці я ў Літве нідзе не ўладкаваўся, асноўная прычына — моўны бар’ер. Пайшоў па інтэграцыі, зараз пачынаю вывучаць літоўскую мову. І працую фізічна на будоўлі.

Ну і мяне пакуль не адпускае грамадская дзейнасць, сумяшчаю клуб «Ліцвіны» з працай.

«НН»: Як вы сталі кіраўніком клуба?

СШ: Я ў клубе не з першых дзён. Калі ён ствараўся ў 2021-2022-м, я яшчэ працягваў «Зубром» займацца. Але я быў знаёмы з хлопцамі, якія выношвалі ідэю яго стварэння. Яны зарэгістравалі арганізацыю, і неўзабаве сталася так, што іх кіраўнік па асабістых прычынах сышоў. Шукалі людзей яму на замену, і вось звярнуліся да мяне. Патрэбная была персона публічная, а я ўжо даўно не хаваюся. Ну і трошкі з досведам кіравання, а я ў войску гадоў 10 апошніх быў на кіруючых пасадах.

«НН»: А навошта вам гэта?

СШ: Па-першае, я падзяляю мэты клуба — наладжванне стасункаў паміж літоўцамі і беларусамі, вывучэнне гісторыі супраціву беларусаў на тэрыторыі Літвы, фізічная падрыхтоўка беларусаў да магчымых дэстабілізуючых падзей у Беларусі.

Ну і калі мне прапанова ўзначаліць клуб паступіла, ужо вайна ва Украіне пачалася. Шмат маіх знаёмых апынулася там. Заставацца зусім недзе з боку — гэта не пра мяне. Калі б у мяне было жаданне проста прыехаць у Літву і тут застацца, я б не займаўся ні «Зубром», ні клубам, спакойна б хадзіў на працу і адпачываў пасля. Але я не магу так ужо.

«НН»: Калі ў вас пачаліся першыя праблемы, нападкі з крытыкай і абвінавачванні вас у ліцвінізме?

СШ: Нейкія накіды пачаліся пасля жнівеньскай акцыі ў 2023 годзе, прымеркаванай да выбараў. Мы былі там са сваімі сцягамі — бел-чырвона-белымі, з нашым лагатыпам на іх (стылізаванай Пагоняй і назва клуба на лацінцы). Нехта з мясцовых гэта заўважыў, і пасля панеслася. Літоўскі блогер Жыльвінас Світоюс у сваіх сацсетках раскруціў гэтую тэму — звязаў нас з ліцвінізмам, праілюстраваў свой пост выявамі нашага клуба. Пачалі сыпацца каментары а-ля: «Калі з’едзеце адсюль? Калі скончыце красці нашу гісторыю? Ды вы ворагі, мы прыгрэлі змяю…».

На гэтай глебе мы паскорылі правядзенне дня адкрытых дзвярэй, каб распавесці пра клуб усім ахвотным, адказаць на ўсе пытанні. Праўда, літоўская пляцоўка, мясцовы Дом афіцэраў, адразу адмовіла нам у правядзенні мерапрыемства ў іх. Мы правялі брыфінг на беларускай пляцоўцы. Прыйшоў той жа Жыльвінас, пабачыў нас на свае вочы, і нібыта мы нармальна разышліся. Хваля прэтэнзій спала, і было ціха недзе месяцы тры. А потым зноў то тут, то там пачалі гучаць абвінавачванні, што мы пагроза нацыянальнай бяспецы.

Магчыма, гэта звязана з нейкімі мясцовымі электаральнымі кампаніямі. Бо літоўскія палітыкі прыслухоўваюцца да сваіх выбаршчыкаў, а частцы людзей баліць за ліцвінізм, яны баяцца, што беларусы нешта ў гэтым кірунку зробяць. А можа, гэта крамлёўска-маскоўскі след або лукашысцкі. Яны ж там адным мірам мазаныя.

Фота: інстаграм клуба

Фота: інстаграм клуба

«НН»: Калі прыдумлялася назва клуба, ці думалі вы, што яна ў тым ліку стане прычынай канфліктаў з літоўцамі?

СШ: Вядома, не. Хутчэй, гэтую назву абіралі, каб паказаць, што мы недзе блізкія да літоўцаў, у нас ёсць агульная гісторыя. А атрымалася так…

Першапачаткова хацелі назвацца клубам «Ліцвіны імя Т. Касцюшкі», але нам сказалі, што назва задоўгая. Гэта была адзіная заўвага ад рэгіструючых органаў. Больш нам ніхто ніякіх пытанняў не задаваў.

«НН»: Такая хваля крытыкі, я так разумею, ударыла па вашай дзейнасці. Той жа клуб Літоўскай стралковай асацыяцыі, з якім у вас было наладжана супрацоўніцтва на гістарычнай глебе, спыніў з вамі камунікацыю. Нехта яшчэ?

СШ: Акрамя іх, здаецца, ніхто больш. Мне сказалі, што там ледзь не на адміністрацыйным узроўні было сказана забараніць усялякія стасункі з клубам, пакуль мы «таксічныя».

Усё гэта дзіўна, бо я — юрыдычны кіраўнік, і я не маю ніякага права і планаў парушаць літоўскае заканадаўства. Я нясу юрыдычную адказнасць і не дапушчу, каб і сябры клуба зрабілі нешта такое, што магло б нашкодзіць літоўскай дзяржаве.

А калі б я хацеў, умоўна кажучы, стаць нядобрым для Літвы чалавекам, які не падтрымліваў бы яе каштоўнасці, то на халеру б увогуле быў гэты клуб? Сядзелі б людзі ўпотайкі, збіраліся б па кватэрах і ніхто б іх не бачыў. І калі вось гэты ліцвінізм разгойдваўся ці разгойдваецца, прылятае нам, бо мы адкрытыя.

Ну нічога, вытрымаем. Будзем мацнейшыя.

«НН»: Як вы бачыце, што дапаможа зняць з вас сённяшнюю таксічнасць?

СШ: Здаецца, тут патрэбны час. Ëн расставіць усё на свае месцы. Трэба даказваць, што мы нармальныя. Пазітыўнымі ўчынкамі, сумеснымі мерапрыемствамі, я думаю, мы выб’ем гэта ўсё. Было ж вось нешта падобнае з Украінай: калі толькі пачалася вайна, было ўспрыманне, што ўся Беларусь — ворагі, суагрэсары. Кожнаму балела. Але неяк дыпламатычнымі сродкамі, культурнымі, інфармацыйнамі — ўсё ж такі падзялілі Беларусь на адэкватных і астатніх.

Трэба і з літоўцамі такое арганізоўваць: круглыя сталы перыядычныя — выказвацца на іх, што баліць, чым вы незадаволеныя, чаму вас турбуюць беларусы… Пакуль мы не чуем адно аднаго, то так і будзем накідваць з розных бакоў.

Мы, дарэчы, звярталіся з такімі прапановамі ў Офіс Ціханоўскай месяцы два таму. Яны пагадзіліся, але на гэтым усё скончылася. Ну, будзем самі неяк рабіць і наладжваць грамадскі масточак.

«НН»: Колькі ў вас людзей у клубе?

СШ: Не магу сказаць.

«НН»: А якая частка з іх пайшла ў ЗСУ?

СШ: Не скажу. Ëсць тыя, хто там, ёсць тыя, хто ўжо вярнуўся. Але не скажу вам лічбы.

Сяргей Шалыгін. Фота з архіва героя

Сяргей Шалыгін. Фота з архіва героя

«НН»: Па літоўскім заканадаўстве вы можаце займацца вайсковай падрыхтоўкай толькі з муляжамі зброі. Нехта скажа: а навошта ўвогуле ў Літве нейкі дадатковы клуб, калі кожны, хто хоча атрымаць сапраўдны вайсковы досвед, можа паехаць ва Украіну?

СШ: Разумееце, не ўсе гатовыя ехаць ваяваць за Украіну. Ëсць людзі, гатовыя ваяваць за Беларусь, але не праз Украіну. Ëсць людзі, якія ў жыцці нічога цяжэйшага за лыжку не трымалі, і ім проста трэба даць базавыя веды, каб яны не палохаліся, адэкватна ўспрымалі нейкія вайсковыя штукі — у тым ліку мы працуем дзеля гэтага.

Агулам дзейнасць нашага клуба можна падзяліць на дзве часткі: калявайсковая — у тым ліку дапамога і падрыхтоўка хлопцам, якія ваююць ва Украіне і якія, магчыма, жадаюць туды паехаць (і ёсць тыя, хто праходзяць базавую падрыхтоўку ў нас і з’язджае туды — і ўкраінскія кіраўнікі высока яе адзначаюць).

Другая частка клуба — сацыяльная, культурная. Хтосьці ўвогуле не гатовы браць у рукі зброю, але хоча займацца за мяжой аб’яднаннем беларусаў, пошукам сваіх каранёў, прасоўваннем мовы, гісторыі. Мы гэтым таксама займаемся.

Агулам поўнамаштабная вайна ідзе ўжо два гады. І некаторыя пачынаюць пісаць менавіта зараз: «вакол нешта няздорава, нешта пачынае віраваць, я бы хацеў/ла заняцца сваёй вайсковай і фізічнай падрыхтоўкай. Куды мне ісці?».

Хаця людзі і не першы дзень у клубе, але толькі цяпер да іх дайшло разуменне, што трэба нешта рабіць, бо можа бахнуць. І такімі ведамі мы будзем карысныя самой жа Літве, дзе жывём, калі нешта здарыцца.

«НН»: Хто вашы інструктары?

СШ: Толькі магу сказаць, што гэта афіцэры і не толькі. Мне самому не хапае энергіі і часу, каб яшчэ займацца інструктарскай справай. Пачыналі мы з базавых штук — ютуб нават. А цяпер людзі маюць рэальны баявы спякотны досвед, яны і рыхтуюць.

«НН»: Калі вас і яшчэ дзясяткі іншых вайскоўцаў і міліцыянераў пазбавілі спецыяльных званняў у 2021 годзе, Уладзімір Някляеў напісаў, што менавіта вось гэтыя людзі — касцяк будучай беларускай арміі і сілавых структур. У вас ёсць такія палітычныя амбіцыі?

СШ: Тут такая справа, што калі ўжо прысвяціў сябе радзіме, то цягні гэтую лямку да апошняга. Так што планы ёсць. Але першае, чаго хацелася б у Беларусі, гэта наведаць родныя мясціны.

Чытайце таксама:

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы не знайшоў груп літвіністаў, якія пагражаюць бяспецы краіне

«Гэты працэс мусіць вітацца ў Літве». Ліцвінізм: погляд з Вільні

Чаму літоўцы баяцца літвінізму

«Хачу зрабіць Пазняка персонай нон-грата» — літоўскі актывіст

Клас
26
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
3