Забудоўшчык комплексу «Мінск Свет» ужо больш за год узводзіць Міжнародны фінансавы цэнтр (МФЦ). У снежні 2023-га кампанія рапартавала аб дасягненнях, устаноўленых на самай маштабнай і складанай будоўлі.

Паверхамі тады прыраслі ўсе пяць вежаў будучага МФЦ. Больш за ўсё — цэнтральная, у апошні месяц 2023-га яна выцягнулася на 27 паверхаў, піша Tochka.by.

Бліжэй да сярэдзіны сакавіка 2024 года сітуацыя з будаўніцтвам МФЦ у «Мінск Свеце» такая.

Галоўны будынак яшчэ больш выцягнуўся — ужо перасягнуў 30-ы ўзровень. Прычым трэба разумець, што гэты будынак для бізнэсу, а таму паверхі тут апрыёры вышэйшыя, чым у жылых дамах.

Па выніку ў гэтай цэнтральнай вежы будзе 42 ўзроўні, а яе вышыня складзе 180 м.

Хмарачосам у нас лічыцца будынак вышынёй 100 м і вышэйшы, а ў Еўропе і ЗША — збудаванні 150 м і больш.

Самая крайняя вежа комплексу, якая бліжэй да Брацкай вуліцы, ужо мае канчатковую форму — з маналіту адлітыя ўсе 14 узроўняў.

Такі ж гмах-дублёр, але з боку праспекта Міру пакуль а восьмым узроўні.

Дзве сярэднія вежы, што па баках ад цэнтральнай, ужо сфарміраваны на ўзроўні 20 паверхаў.

Як узводзяць мінскі хмарачос

Будуюць самы высокі будынак фінансавага цэнтра з дапамогай апалубачнай сістэмы. Яна якраз добрая для такога праекта. Дазваляе нарошчваць будынкі бесперапынна — толькі бетон падавай.

Шчытавая канструкцыя пастаянна перамяшчаецца дамкратам уверх па меры залівання. Сцены растуць вельмі хутка.

Сама ж канструкцыя хмарачоса робіцца так, каб магла трохі разгойдвацца пры ўраганным ветры. Што ўжо казаць пра «начынне», дзе на першым месцы — сістэмы пажарнай бяспекі і кандыцыянавання.

Адрозніваецца ў хмарачосах і сістэма падачы вады. Помпы, як правіла, ставяцца на кожным дзясятым паверсе, каб падымаць ваду вышэй — да самага высокага ўзроўню.

Што будзе ў МФЦ?

Візуальна — сёння на тэрыторыі будучага МФЦ задзейнічана вялікая колькасць будаўнікоў. Работы тут кіпяць на поўную, а значыць, ёсць верагоднасць, што комплекс будзе здадзены своечасова.

Калі верыць пашпарту аб'екта, адкрыюць гмахі ў снежні 2027 года. Нямала чакаць, але і аб'ёмы не абы-якія.

Плошча ўсяго квартала, дзе размешчаны міжнародны фінансавы цэнтр, перавышае 257 тыс.м2. А плошча пяці будынкаў МФЦ —амаль 98 тыс. «квадратаў».

Вежы цэнтра будуюць не толькі пад офісы кампаній. Тут таксама запланаваны спа-цэнтр, басейны для дзяцей і дарослых.

Будзе і падземны паркінг як для легкавых машын, так і для грузавых аўтамабіляў, якія абслугоўваюць будынкі Міжнароднага фінансавага цэнтра.

Таксама цэнтральная вежа МФЦ здабудзе прыгожую вячэрнюю падсветку.

Гандлёвы цэнтр побач

Па суседстве з МФЦ ужо завяршаецца будаўніцтва самага вялікага ў Беларусі гандлёвага цэнтра Avia Mall. На пляцоўцы ідуць фінальныя работы.

Хутка здача аб'екта, сведчыць і актыўная рэклама ў сетцы. Уладальнікі шукаюць арандатараў.

Відавочна, што з адкрыццём як метро, так і гандлёвага цэнтра жыць у ЖК «Мінск Мір» стане зручней і весялей.

А да 2028 года «падцягнуцца» і вежы фінансавага цэнтра. Мудрагелістай формы, апранутыя ў суцэльнае шкло, яны напэўна стануць месцам прыцягнення не толькі інвестыцый, але таксама вялікай колькасці жыхароў і гасцей Мінска.

***

Самым высокім будынкам Мінска лічыцца ЖК «Лазурыт», што на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Нарачанскай. Яго вышыня — 138,6 м разам са шпілем. Дзве цэнтральныя секцыі маюць 37 паверхаў.

ЖК «Ветразь», што на вуліцы Фрунзенскай, мае 34 паверхі, вышыня складае 133 м з улікам тэхнічных надбудоў на даху і шпіля. Вышыня ўзроўню даху — 114 м.

Трэцяе месца ў бізнэс-цэнтра «Роял Плаза» каля станцыі метро «Няміга». Ён пабудаваны ў 2014 г. Тут 33 паверхі, а вышыня будынка складае 130 м са шпілем. Затое дах — на 116 м, так што, калі вымяраць па ім, то «Роял Плаза» абыходзіць «Ветразь».

Чытайце таксама:

Пакупнікі кватэр ад «Даны» трапілі ў пастку — не могуць аформіць жыллё ва ўласнасць. Як так?

У Мінску адкрыюць школу з асіметрычнымі вокнамі

Айцішнік купіў кватэру ў бабулі, але засяліцца адразу не змог. Яна прадала яе тэлефонным аферыстам

Клас
6
Панылы сорам
9
Ха-ха
15
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
6