Скрын відэа размовы, выкладзены прапагандысцкім каналам

Скрын відэа размовы, выкладзены прапагандысцкім каналам

Турыстычны маршрут ад блогера-лукашыста

Магілёўскі прапагандысцкі канал выклаў кавалак відэаразмовы блогера са Святланай Ціханоўскай.

На ім малады чалавек распавядае, што ён са сваімі аднадумцамі распрацаваў невялікі турыстычны маршрут «па найлепшых месцах рэгіёну» для Ціханоўскай.

«Асабіста сустрэнем вас, падзякуем за ўсё, што вы робіце», — казаў малады чалавек.

Пазней ён пачаў паказваць раздрукаваныя здымкі са словамі «там ужо вас чакаюць з нецярплівасцю, там вас любяць».

На тых здымках блогер паказваў магілёўскую турму №4, ІЧУ і 15-ю калонію.

Відэа заканчваецца словамі: «Насамрэч вось чакаем з нецярплівасцю, спадзяемся на хуткую і доўгачаканую сустрэчу».

Што засталося за кадрам?

Падрабязней пра гэтую размову і тое, што засталося за кадрам, «Нашай Ніве» расказаў Данііл Гаркавы, кіраўнік аддзела знешніх сувязяў Офіса Ціханоўскай і мадэратар «Асабістых размоў» (так называюцца «прамыя лініі» ў зуме).

З яго слоў, малады чалавек, які прадставіўся Алегам, выклаў моцна абрэзаны запіс.

«У публічную версію не ўвайшло, напрыклад, пытанне Святланы, ці складзе ён ёй кампанію падчас гэтых экскурсій па калоніях. Пасля гэтага мужчына рэзка адключыўся, так што мы так і не даведаліся адказ на гэтае пытанне», — кажа Данііл.

Таксама Гаркавы адзначае, што праўладны блогер абрэзаў пачатак размовы, дзе казаў, што сочыць за навінамі, за візітамі, віншаваў Святлану з 8 Сакавіка.

Святлана спакойна адрэагавала на гэтую сітуацыю.

«Мы проста працягнулі падключаць наступных па чарзе людзей і размаўляць з імі. Мы, у адрозненне ад лукашыстаў, не закрываемся ад людзей і нікога не адсейваем на этапе рэгістрацыі (акрамя тых, хто ўжо тэлефанаваў Святлане раней — каб даць магчымасць пагаварыць са Святланай як мага большай колькасці людзей)», — расказаў Данііл.

Раней падобным чынам са Святланай размаўляў Азаронак.

«Падобна на тое, што лукашэнкаўскія блогеры сочаць за нашым парадкам дня і наша дзейнасць не дае ім спакою».

Рыгор Азаронак. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Рыгор Азаронак. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Што да «Асабістых размоў», то ў Офісе адзначаюць, што будуць радыя размаўляць з усімі беларусамі незалежна ад іх палітычных поглядаў. Гэтыя званкі прадстаўнікі Офіса не запісваюць і ў публічную прастору не выкладаюць. Выключэннем была размова з Азаронкам, якога яшчэ ў самым пачатку папярэдзілі, што з улікам яго рэпутацыі будзе весціся запіс. Пры гэтым была дамоўленасць, што запіс не будзе апублікаваны, калі Азаронак не будзе выкарыстоўваць свой у публічнай прасторы.

Кожны раз на «Асабістыя размовы» хаця б адзін-два чалавекі тэлефануюць з тэрыторыі Беларусі.

Чытайце таксама:

«Бі-2» запосцілі фота з Ціханоўскай і паабяцалі выступіць у Мінску пасля перамогі

Чарговая правакацыя сілавікоў: яны аб'явілі, што ў сувязі з выбарамі ў Расіі Ціханоўская ўводзіць план «Перамога»

Святлана Ціханоўская і генеральны сакратар Рады Еўропы напісалі сумесную калонку для Еўраньюс

Клас
107
Панылы сорам
6
Ха-ха
15
Ого
7
Сумна
4
Абуральна
15