У адрозненне ад той гісторыі, цяпер усё скончылася добра: пошукавая група знайшла сясцёр за тры кіламетры ад дома і перадала медыкам. Onliner.by расказвае падрабязнасці.

Дзяўчынак завуць Дарына і Валерыя, ім было ўсяго 4 і 2 гады. У міліцыі паведамілі, што 10 сакавіка каля 18:20 яны выйшлі ад бабулі ў вёсцы Рыбцы і пайшлі дадому (адлегласць — прыкладна 600 метраў). Да дома малыя не дайшлі, а знойдзеныя былі праз больш за дзевяць гадзін у лесе. Якім чынам яны там аказаліся?

Як расказала Onliner каардынатар атрада ПВА «Анёл» Юлія Коўган-Кудашава, хутчэй за ўсё, дзяўчынкі збіліся з дарогі, калі пайшлі следам за суседскім хлопчыкам.

— Зразумела, што з-за ўзросту дзяўчынкі не могуць толкам растлумачыць, што адбылося. Па абрыўках інфармацыі мы сабралі такую карціну: дзяўчынкі былі ў гасцях у прабабулі і гулялі з хлопчыкам гадоў 6-7, які прыязджае туды на выходныя з Мінска.

Гэты хлопчык вырашыў іх правесці дадому. Па дарозе дзяўчынкі загуляліся і выпусцілі яго з-пад увагі. Яны падумалі: напэўна, ён згубіўся, і пайшлі ў бок лесу яго шукаць. У выніку самі заблукалі.

Сваякі забілі трывогу, і пачаліся актыўныя пошукі. Удзельнічалі ў іх больш за 600 чалавек — работнікі МНС, МУС, вайскоўцы, а таксама добраахвотнікі пошукавых атрадаў.

— А 19:48 у нас з'явілася паведамленне пра збор, цягам гадзіны на месца выехалі кінолагі, якія цалкам выпадкова побач аказаліся на трэніроўцы. І паступова камплектаваліся атрады з добраахвотнікаў, — распавялі ў ПСА «Анёл». — Ахвотных дапамагчы было вельмі шмат, але мы разумелі, што, калі не знойдзем аператыўна дзяўчынак, частка людзей павінны будуць працягнуць пошукі з раніцы з новымі сіламі. Калі б не тармазілі людзей, іх было б яшчэ больш. Гэта сапраўды самая маштабная пошукавая аперацыя з 2017 года.

@nashanivanews У Пухавіцкім раёне 600 чалавек шукалі дзвюх дзяўчынак. Яны заблукалі ў лесе #беларусь #беларускітыкток #беларусьновости #нашаніва #беларускаямова #мова #пуховичи #поиск ♬ Tragic Loss - Tele Music

Калі ў пошуках удзельнічае так шмат людзей, за кароткі тэрмін можна прачасаць вялікую тэрыторыю.

І менавіта пры аглядзе мясцовасці адзін з жыхароў выявіў шапачку дзяўчынкі, а кінолагі знайшлі безрукаўку і штонікі. Юлія мяркуе, што дзяўчынкі сталі распранацца перад сном, як іх вучылі бацькі. Так часта бывае з дзецьмі зусім маленькага ўзросту.

За 300 метраў ад рэчаў знайшліся і самі дзеці. Яны паспелі прайсці каля 2,5 кіламетра ад дома прабабулі.

— Наогул тэрыторыя там небяспечная — на шляху сустракаліся меліярацыйныя каналы, бураломы, у баку — рака Свіслач. Не хацелася думаць пра дрэннае, але гэта насцярожвала вельмі моцна. Усе сілы былі накіраваныя менавіта на той участак, дзе знайшлі шапачку, — дзеліцца падрабязнасцямі Юлія. — З боку лесу пачаў працаваць наш аператар з дронам з цеплавізарам. Ён убачыў дзяўчынак і адначасова па камеры заўважыў, што да дзяцей накіраваліся людзі, якія прачэсвалі тэрыторыю. На шчасце, сёстры нікуды не схаваліся, гэта магло б ускладніць задачу.

Маладыя людзі, якія знайшлі дзяўчынак, распавялі, што малодшая ў гэты момант ужо спала, а старэйшая сядзела побач. Дзеці былі напалоханыя, але даволі хутка прыйшлі ў сябе. У машыне Дарына нават заявіла, што бачыла ў лесе ваўка (відэа дадзена «Анёлам»).

Пасля агляду дактароў дзяўчынак шпіталізавалі з папярэднім дыягназам «агульнае пераахаладжэнне». Цяпер іх здароўю нічога не пагражае, паведамляюць у Міністэрстве аховы здароўя.

— Стан стабільны і не выклікае трывогі. Плануецца пасля правядзення неабходных дадатковых медыцынскіх кансультацый адправіць малых дадому.

Чытайце таксама:

Маленькія Дарына і Валерыя Багдзевічы знойдзеныя, усё добра

У Пухавіцкім раёне зніклі двое малых дзяцей

Жыхара Вілейкі тры дні шукала міліцыя і «анёлы», а ён вярнуўся дахаты з сяброўкай і нават пераначаваў з ёй

Клас
46
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
10