Ужо 16 гадоў тэлеканал «Белсат» фінансуецца праз адзін з дэпартаментаў Міністэрства замежных справаў. Штогод гэты дэпартамент публікуе план разьвіцця, у якім запісаны і бюджэт. Апошні быў апублікаваны ўвечары 7-га сакавіка і даступны ў інтэрнэце. На 34-й старонцы распісаныя выдаткі на 2024 год і пазначаная меншая, чым раней, сума для тэлеканалу «Белсат», кажа Рамашэўская.

«Польскае фінансаванне можа зменшыцца і для іншых беларускіх медыя»

«Гэты дакумент падпісаны міністрам замежных справаў, адсюль я раблю выснову, што гэта сума нашага бюджэту. Для тэлевізіі «Белсат» там прадугледжана 40 мільёнаў злотых (летась 63 мільёны). Розніца — амаль 6 мільёнаў даляраў. Раней кіраўніцтва «Белсата» штогод запрашала ў МЗС і мы дыскутавалі пра кірунак нашага развіцця. Сёлета такой сустрэчы не было. Мне паведамілі, што нехта з Польскай тэлевізіі такія размовы вядзе, але хто — не ведаю. Таму я не ведаю дэталяў, бо са мной практычна ніхто не размаўляе. А новыя ўлады тэлевізіі не ў курсе, як мы працуем, бо яны толькі прыйшлі», — гаворыць дырэктарка «Белсата».

Рамашэўская кажа, што каб зрабіць фінансаванне каналу больш надзейным, у мінулыя гады яна прапаноўвала запісваць яго асобна ў бюджэт краіны. Але да гэтай ідэі не прыслухаліся.

«Фінансаванне запісанае ў асобны дакумент МЗС. Але калі паглядзець бюджэт Польшчы на 2024 год, то ў частцы пад назвай «МЗС» ёсць пункт «Дзейнасць тэлевізіі і радыё». На яе прадугледжана 209 мільёнаў злотых. Менавіта з гэтай сумы 40 млн мае пайсці на «Белсат». На што пойдзе рэшта — не маю паняцця».

Рамашэўская мяркуе, што польскае фінансаванне можа зменшыцца і для іншых беларускіх СМІ. Рэч у тым, што бюджэт Фонду міжнароднай салідарнасці, які фінансаваў «Радыё Рацыя», а таксама «Еўрарадыё» і «Радыё Ўнэт», таксама зменшаны — на 9 мільёнаў злотых.

Фармальна «Белсат» ёсць часткаю грамадскай польскай тэлевізіі TVP. Летась яна дадала да бюджэту каналу 11 мільёнаў злотых. Ці адбудзецца такое сёлета — невядома. Структура TVP у вялікім эканамічным крызісе. Прыбыткі ад рэкламы змяншаюцца, а фінансаванне праз абанемент гледачоў прыпыненае.

«Пасля змены ўрада ў Польшчы тэлевізія пакуль фінансуецца з рэзерву прэм’ер-міністра. І я магу сказаць з упэўненасцю на 99%, што для «Белсата» з гэтых сродкаў ніхто не дасць ані граша», — лічыць Рамашэўская.

Што азначае меншы бюджэт

Новы бюджэт, пра які ідзе гаворка, на думку Рамашэўскай, азначае фактычную ліквідацыю каналу. Яна спасылаецца на пастаянныя выдаткі «Белсату», якія нават пасля звальнення часткі супрацоўнікаў не паўплываюць на змяншэнне сумы.

«Мы выкарыстоўваем тэхнічную інфраструктуру і плацім за яе. Няважна, колькі там працуе чалавек, 5 ці 15, мы плацім за яе столькі ж сама. Няважна, колькі людзей працуе ў памяшканні, 40 ці 180, мы ўсё роўна плацім за арэнду такую ж суму. Розніца можа быць, але яна будзе мізэрнай. Для параўнання, на цыклічныя перадачы «Белсата», такія як «Двубой з Цыганковым», «План B», «Вячэрні шпіль», мы выдаткоўваем 17 мільёнаў злотых (4 мільёны еўра). Гэта палова таго, што нам збіраюцца абрэзаць. Людзі часам не разумеюць, колькі каштуе тэлевізія. Гэта выдаткі на тэхніку, спадарожнік, студыі», — гаворыць Агнешка Рамашэўская.

Яна кажа, што не разумее матывацыі МЗС і намагаецца даведацца дэталі такога рашэння. Дапускае, што сітуацыя можа быць звязаная з планамі новага тэлеканалу TVP World, які хочуць зрабіць аналагам шматмоўных каналаў Deutsche Welle ці BBC.

«Магчыма, ад нас хочуць забраць расейскамоўныя праграмы. Але не ўяўляю, як гэта будзе адбывацца. Мы маем расейскамоўнага гледача, больш за 1,3 мільёна падпісчыкаў на Youtube. У нас працуюць спецыялісты, якія гэта паспяхова робяць. Навошта нешта мяняць, калі ўсё працуе — загадка», — лічыць Агнешка Рамашэўская.

Калі захаваецца бюджэт, пра які тут гаворка, то бок 40 мільёнаў злотых, то каналу давядзецца зліквідаваць шмат перадачаў, кажа Рамашэўская.

Чытайце таксама:

Дырэктарка «Белсата»: Бюджэт тэлеканала скарачаецца амаль удвая

За кратамі знаходзіцца 17 супрацоўнікаў Белсата — дырэктарка тэлеканала

У кіраўніцы «Белсата» і яе намеснікаў узніклі праблемы

Клас
6
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
14
Абуральна
15