Памежны кантроль у пункце пропуску «Брэст». Фота: av.by

Памежны кантроль у пункце пропуску «Брэст». Фота: av.by

Дзяніс жыве ў Варшаве ўжо два гады, восенню 2023-га атрымаў працоўны ДНЖ, а ў Польшчу першапачаткова заязджаў па працоўнай візе. Увесь гэты час ён не быў у Беларусі, бо чакаў атрымання часовага ДНЖ.

У лютым 2024-га Дзяніс вырашыў з'ездзіць да бацькоў у Беларусь. Ён меркаваў, што яго дапытаюць на мяжы і правераць тэлефон, таму што дома не быў больш за паўгода. Малады чалавек чытаў у незалежных СМІ гісторыі беларусаў, якіх правяралі на мяжы менавіта праз тое, што іх доўга не было ў Беларусі. Пры гэтым іх, як і Дзяніса, не затрымлівалі ў 2020 годзе праз палітыку.

Беларус перастрахаваўся і перад паездкай дадому прачытаў гайды незалежных медыяў пра тое, як пачысціць тэлефон, каб сілавікі нічога ў ім не знайшлі. А далей ён паехаў на рэйсавым аўтобусе дадому праз пункт пропуску «Брэст».

«Пасля праверкі пашпарта памежнік адразу ж папрасіў мой польскі дазвол на жыхарства. Мабыць, заўважыў мінулую працоўную візу. Ён вывучыў яго і параіў па прыездзе дадому схадзіць у мясцовы аддзел па грамадзянстве і міграцыі, каб там зарэгістравалі ДНЖ і выдалі адпаведную даведку. Пры гэтым сам пластык ён не сканаваў», — расказвае Дзяніс.

На гэтым праверка не скончылася. Памежнік з кімсьці звязаўся па рацыі і сказаў маладому чалавеку чакаць. У гэты час ён правяраў дакументы іншых пасажыраў аўтобуса.

Неўзабаве прыйшоў нейкі мужчына ў форме памежніка. Памежнік, які правяраў дакументы Дзяніса, перадаў пашпарт і ДНЖ калегу. Той паглядзеў на іх і сказаў беларусу ісці за ім. Яны падняліся на другі паверх і зайшлі ў нейкі кабінет. Далей пачалася» гутарка « і праверка тэлефона.

Калаж: BGmedia

Калаж: BGmedia

«Гэты мужчына прагартаў мой пашпарт і спытаў, кім і дзе я працую ў Польшчы, колькі зарабляю. Таксама спытаў, чаму мяне два гады не было ў Беларусі.

Я яму патлумачыў, што спачатку знаходзіўся ў Польшчы па візе, а потым падаў дакументы на ДНЖ. Калі ён убачыў па штампах, што ў 2020 годзе я быў ва Украіне некалькі дзён, то адразу змяніў тэму і спытаў, што я там рабіў. Я патлумачыў, што ездзіў адпачываць на пару дзён.

Далей ён спытаў, як я стаўлюся да вайны і каго падтрымліваю, ці ёсць у мяне сябры і знаёмыя з Украіны. Давялося адказаць, што да вайны стаўлюся нейтральна, за ёй не сачу, а галоўнае, маўляў, што Беларусь ніяк не ўдзельнічае», — дзеліцца малады чалавек.

Пасля гэтага ён кінуў на стол пашпарт і ДНЖ нашага суразмоўцы. Далей папрасіў разблакаваць яго айфон і пачаў лазіць у ім. Спачатку гэты «памежнік» вывучаў тэлеграм. Глядзеў спіс тэлеграм-каналаў і тэлеграм-чатаў, адкрываў некаторыя перапіскі, глядзеў гісторыю дыялогу і файлы ў ім. Перыядычна пытаўся пра людзей, з якімі Дзяніс перапісваецца ў тэлеграме.

«Цікава было, калі ён увёў у пошуку нейкі бот, які паказаў спіс усіх ботаў, з якімі я ўзаемадзейнічаў. Для мяне гэта было нечаканасцю, але ніякіх «экстрэмісцкіх» тэлеграм-ботаў у спісе не было. Ён спытаў пра бот, які перакладае тэкст з адной мовы на іншую. Маўляў, што ён робіць. І для мяне гэта было дзіўна, таму што ён сам мог праверыць яго функцыі, але не стаў і зрабіў выгляд, што не ведае, як карыстацца тэлеграм-ботамі», — адзначае Дзяніс.

Далей ён хутка прагледзеў спіс кантактаў у тэлефоне і дабраўся да галерэі. Дзяніс быў да гэтага гатовы і загадзя выдаліў «экстрэмісцкія» фатаграфіі. Тады сілавік паспрабаваў знайсці ў тэлефоне Google-Фота. Малады чалавек патлумачыў яму, што ў яго няма гэтага дадатку, а функцыю воблачнага сховішча выконвае iCloud. Але «памежнік» не стаў лезці ў яго і неўзабаве аддаў айфон.

«Я ўпэўнены, што гэта быў супрацоўнік КДБ у форме памежніка. Ён упэўнена карыстаўся тэлефонам, ведаў, што, дзе і як глядзець. Было відаць, што ён не першы раз правярае тэлефон. Прычым у яго самога быў не айфон, а нейкі «андроід».

Пытанні пра Польшчу і Украіну задаваў не складаныя, але мог перапытаць. Мабыць, спрабаваў падлавіць мяне на хлусні. І яшчэ мне ўнутры было смешна, калі ён у канцы допыту са злым тварам глядзеў на мой польскі ДНЖ. Мабыць, быў незадаволены, што нічога ў мяне не знайшоў», — кажа Дзяніс.

Людзі выходзяць з будынка пункта пропуску на беларуска-польскай мяжы. Фота з прыгранічнага тэлеграм-чата

Людзі выходзяць з будынка пункта пропуску на беларуска-польскай мяжы. Фота з прыгранічнага тэлеграм-чата

Пасля допыту Дзяніс вярнуўся ў аўтобус. Усе пасажыры ўжо сядзелі на сваіх месцах і чакалі яго. Ніхто не цікавіўся, дзе ён быў. Склалася адчуванне, што яны здагадаліся і былі радыя яго вяртанню, але не паказвалі гэтага.

Паводле падлікаў беларуса, допыт і праверка тэлефона працягваліся прыкладна паўгадзіны.

На наступны дзень пасля прыезду дадому суразмоўца схадзіў у мясцовы аддзел грамадзянства і міграцыі МУС. Калі ён патлумачыў, што прыйшоў паставіць на ўлік свой польскі ДНЖ, там не здзівіліся і былі да гэтага гатовыя.

Пункт пропуску «Брэст». Фота: av.by

Пункт пропуску «Брэст». Фота: av.by

«Мяне здзівіла, што яны папрасілі адсканаваць ДНЖ з двух бакоў і прынесці ксеракопіі. Пры гэтым самі не змаглі гэта зрабіць, адправілі ў капіравальны цэнтр і сказалі вяртацца з паперамі. Калі я гэта зрабіў і вярнуўся туды, яны выдалі мне нейкую заяву, куды трэба было перапісаць мае даныя, у тым ліку нумар ДНЖ. Я ўсё запоўніў, аддаў ім заяву і ксеракопіі ДНЖ, прыкладна праз 20 хвілін яны выдалі даведку аб тым, што я паведаміў ім пра свой ДНЖ. Сказалі абавязкова вазіць яе з сабой, бо памежнікі могуць праверыць яе наяўнасць», — расказвае Дзяніс.

Праз тыдзень ён вярнуўся ў Польшчу. Калі праходзіў беларускую мяжу, то памежнікі не патрабавалі гэтую даведку. І нават не прасілі паказаць ДНЖ, хоць заўважылі, што віза ў пашпарце Дзяніса ўжо скончылася. Магчыма, яны ўбачылі ў камп'ютары, што ён паведаміў пра ДНЖ органам.

Чытайце таксама:

«Суразмоўцы спрабуюць стварыць ілюзію, што яны на маім баку». Беларусы расказалі, як праходзілі допыты на мяжы

Як падрыхтавацца да прыходу сілавікоў — інструкцыя

Як надзейна пачысціць акаўнт у TikTok — падрабязны гайд

Tinder: сэрвіс для знаёмстваў, які манітораць сілавікі. Хто ўжо патрапіў пад рэпрэсіі і як можна абараніцца

Расказваем, чаму з Google Docs варта быць асцярожнымі — калі вы іх адкрыеце, яны могуць вас выдаць

Клас
31
Панылы сорам
53
Ха-ха
21
Ого
15
Сумна
27
Абуральна
156