Даніла (25 гадоў): «У нашай кампаніі нічога не будуць рабіць: усе, хто хацеў, ужо пераехалі»

«У мяне ёсць дзейная віза PBH, ужо другая. У кампаніі ўсе, хто хацеў, ужо таксама пераехалі. Хто не хацеў, атрымалі першую PBH, і яна проста скончылася. Другую візу ўжо ўсё адно так проста не адкрываюць: патрэбныя пацверджанне з працы і выплата падаткаў.

Думаю, у нас пакуль нічога не будуць рабіць, таму што няма асаблівай неабходнасці ў такіх візах. Напэўна, калі будзе трэба, людзі будуць рабіць простыя працоўныя. Мне казалі, што таксама адкрыюць такую, калі я раптам атрымаю адмову ў PBH.

У гэтым выпадку візу PBH зрабіць нашмат прасцей. Па ёй можна працаваць як ІП, а вось з працоўнай людзей трэба абавязкова афармляць у штат. Дый менш пытанняў на мяжы з першым тыпам віз: па працоўных трэба больш пацверджанняў, напрыклад, дамова і іншыя паперы.

Адмена PBH непрыемна ўскладняе працэс рэлакейту, але не выключае яго. Кампаніям стане цяжэй перавозіць новых супрацоўнікаў. Аднак, наколькі мне вядома, цяпер даволі рэдка бяруць на працу непасрэдна ў Беларусі і перавозяць. На гэты момант у Польшчы шмат рускамоўных. Нашмат зручней адразу на месцы ўладкоўваць ужо легалізаваных людзей.

Цяпер я ўжо падаўся на польскі ДНЖ, таму на мне гэтая навіна ніяк не адаб'ецца».

Маша (22 гады): «Палова майго офіса адкрыла гэтыя візы і ўвесь час ездзіць туды-сюды ў падарожжы»

«Я радая, што паспела адкрыць сваю візу. Я хутка збіраюся пераязджаць у Польшчу, таму яна мне вельмі патрэбная. Мая віза заканчваецца ў кастрычніку. Да жніўня я павінна прыняць рашэнне, ці буду заставацца ў Польшчы, ці рухацца далей і паступаць у еўрапейскі ўніверсітэт.

Да сённяшняга дня, калі б я вырашыла заставацца ў Польшчы, у мяне было б два варыянты: падавацца на паўторную PBH альбо ўжо на ДНЖ. Вядома, PBH куды больш простае і гнуткае, але такой опцыі, на жаль, больш няма. Таму, калі я прыму рашэнне застацца ў Варшаве, буду падавацца на ДНЖ.

Хоць для мяне адмена такога тыпу візы не вельмі прыемная навіна, я магу зразумець, чаму палякі так зрабілі. Больш за палову супрацоўнікаў майго офіса атрымалі свае візы PBH. Толькі 5% з іх насамрэч пераехалі ў Польшчу, астатнія каталіся па ўсёй Еўропе на яе падставе. Вядома, польскім уладам гэта не будзе падабацца».

Аляксей (32 гады): «Працоўную візу дакладна не буду рабіць — думаю, потым могуць узнікнуць праблемы з вяртаннем у Беларусь»

«Я доўга адкладаў пераезд, таму цяпер усё яшчэ знаходжуся з сям'ёй у Беларусі. Нядаўна атрымаў адмову ў візе PBH і падаўся на апеляцыю. Калі мне зноў адмовяць, то ў Польшчу я дакладна не паеду.

Мяне бянтэжаць высокія рызыкі, якія з'яўляюцца па звычайнай працоўнай візе, і праблемы з легалізацыяй. Думаю, што потым у мяне яшчэ могуць узнікнуць складанасці з выездам за межы Польшчы. Здаецца, што айцішніку, які прыязджае з Польшчы ў Беларусь, цалкам могуць зладзіць вясёлае жыццё на роўным месцы. Таму фактычна я раблюся закладнікам сітуацыі і невыязным з Польшчы.

Пры чарговай адмове я буду з'язджаць у Грузію і там глядзець, ці зменіцца палітыка Польшчы і ці з'явіцца новы тып віз.

Што тычыцца адмовы ў маёй візе PBH, то, па чутках, іх давалі абсалютна выпадковым чынам нават без разгляду дакументаў. Пашанцавала трапіць у пакет — ухвалілі, не пашанцавала — адмова.

4 студзеня, напрыклад, падаваўся хлопец з годам вопыту, і яму ўхвалілі візу. 5-га чысла падаваўся я з профільнай адукацыяй, 14 гадамі стажу і высокай пазіцыяй — адмова.

Калі казаць пра ўплыў закрыцця Poland.Business Harbour на IT-сектар, то, мне здаецца, будзе наступны вынік (альбо нешта адно з гэтага, альбо камбінацыя):

  • Людзі пачнуць атрымліваць працоўныя візы і працаваць праз інкубатары. Гэта складаны варыянт, таму вялікія кампаніі наўрад ці захочуць з такім працаваць.
  • Масавы пераезд айцішнікаў у Грузію, Казахстан і іншыя краіны ўсходняга рэгіёну.
  • Айцішны рынак працы ў РБ няслаба ўскалыхнецца дэмпінгам заробкаў і высокай канкурэнцыяй. Упэўнены, што офісы Playtika і Apalon не апошнія, хто закрыецца ў Беларусі. На гэтым фоне, думаю, будзе барацьба за наяўныя вакансіі — калі толькі кампаніі з Расіі не адкрыюць вагон прапаноў. Тады ўжо прыйдзецца выбіраць паміж кашальком і прынцыпамі.

Надзеі на старых няма. Наём даўно замарожаны (ці амаль). Праектаў, гатовых працаваць з Беларуссю, засталося вельмі мала. Ёсць верагоднасць, што мясцовыя кампаніі актывізуюцца і будуць прапаноўваць супрацоўнікам працаваць праз VPN. Некаторыя кампаніі ўжо так робяць».

Дзіна (32 гады): «Думаю, гэта не поўная забарона на эміграцыю для IT»

«На мяне адмена праграмы ніяк не ўплывае. Ды і ў цэлым я думаю, што гэта скарачэнне магчымасцяў для манеўру, але не поўная забарона на эміграцыю для IT.

Праграма была вельмі добрай магчымасцю для пераезду. Хто разумеў, той ужо ёй скарыстаўся — усё ж такі Poland.Business Harbour дзейнічала цэлых тры гады. Пры гэтым ішоў пастаянны працэс узмацнення строгасці выдачы віз. Было ўражанне, што адмена праграмы — пытанне часу. Проста наступіла гэта раней, чым мы думалі.

З іншага боку, я б дзяліла людзей на тых, хто не пераехаў, але хацеў бы (для іх поле магчымасцяў стала вузейшае, але засталося), і тых хто, ужо эміграваў і чакаў ДНЖ у «доўгіх ваяводствах» накшталт Уроцлава.

Ведаю, што некаторыя людзі з другой катэгорыі на гэты час рабілі сабе візы PBH. Мне іх шкада, таму што, нягледзячы на легальнасць знаходжання ў Польшчы, яны будуць вымушаныя сядзець у краіне без права выезду з яе да выніку разгляду ДНЖ.

У тэорыі можна спрабаваць на гэты час рабіць працоўную візу, але мне здаецца, што гэта на парадак складаней. З трэцяга боку, закрываецца шлях для тых, хто ўжо ў Польшчы і хацеў «пераскочыць» з кантракту на ІП (шлях быў складаны, але ён быў — праз адмову ад ДНЖ па працы і атрыманне новай візы PBH). Цяпер для гэтага прыйдзецца чакаць польскага ПМЖ.

У цэлым, гэта ўсё непрыемна, але не фатальна. Галоўнае, хочацца пажадаць тым, хто не вельмі даўно прыехаў па PBH і яшчэ не падаваўся на ДНЖ, добра падумаць над легалізацыяй (праз ІП ці працу, каб потым не шкадаваць пра выбар).

Яшчэ я б паразважала над месцам жыхарства. Калі праца не прывязаная да горада, то я шчыра не разумею, чаму людзі едуць у той жа Уроцлаў. Там тэрміны чакання ДНЖ каля 1-2 гадоў».

Гена (35 гадоў): «У любым выпадку застаецца варыянт з працоўнай візай»

«Думаю, гэта цалкам лагічны ход палякаў. Будуць цярпець толькі тыя, хто ездзіў у Польшчу на закупы. Канкрэтна для мяне асабліва нічога не зменіцца.

Я тры месяцы чакаў запісу на атрыманне гэтай візы, але мяне так і не дадалі ў спісы: мяркуючы па ўсім, з-за чаргі. Самому даты немагчыма было злавіць, а праз пасярэднікаў я таксама не адзін такі. У кожным выпадку даступная працоўная віза, якую можна зрабіць з дапамогай інкубатара».

Чытайце таксама:

«Працую менш, зарабляю больш». Фрылансерка — пра выгаранне і пра тое, што яна зразумела пасля сыходу з офіса

Якія ў вас цяпер эмоцыі? Збіраецеся з'язджаць, з'ехалі ці застаяцеся? Як часта нас чытаеце? Мы праводзім апытанне — патрэбны ваш голас

Клас
6
Панылы сорам
4
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
10