Фота: Украінская праўда

Фота: Украінская праўда

Суд па справе аб забойстве журналіста «Украінскай праўды», беларуса Паўла Шарамета прыпыніў разгляд да дэмабілізацыі адной з абвінавачаных Яны Дугар, піша «Украінская праўда».

Спыніць справу папрасіла абарона абвінавачаных, бо двое фігурантаў, Яна Дугар і Андрэй Антоненка, служаць у войску. Дугар мабілізаваная, Антоненка — служыць па кантракце.

Баявы медык Дугар удакладніла, што мае кіруючую пасаду і займаецца эвакуацыяй байцоў з поля бою. Антоненка растлумачыў, што ваюе на адным з важных кірункаў. Трэцяя фігурантка Юлія Кузьменка распавяла, што таксама выязджае ў прыфрантавыя рэгіёны як доктарка.

Пацярпелыя — маці і дачка Шарамета, а таксама рэдактар-заснавальніца УП Алена Прытула — падтрымалі адклад разгляду. Іх адвакат таксама служыць ва УСУ, таму раней пацярпелыя ўжо прасілі прыпыніць суд да канца вайны.

***

Беларускі журналіст, а затым адзін з кіраўнікоў «Украінскай праўды» Павел Шарамет загінуў ад выбуху раніцай 20 ліпеня 2016 года. Яму падклалі выбухоўку пад аўтамабіль.

У 2017 годзе журналісты выпусцілі ўласнае расследаванне, у якім высветлілі, што пад домам, дзе жыў Шарамет, у ноч, калі пад машыну заклалі выбухоўку, знаходзіліся падазроныя машыны. Кіроўцам адной з іх быў былы супрацоўнік СБУ Ігар Усціменка. Акрамя таго, работнікі Службы бяспекі «пачысцілі» адзін з сервераў з відэа паблізу дома Шарамета.

12 снежня 2019 года праваахоўнікі паведамілі, што затрымалі трох падазраваных у забойстве: доктара і валанцёра Юлію Кузьменка, музыканта Андрэя Антоненку, вайсковую медсястру Яну Дугар.

22 мая 2020 года следства па справе меркаваных выканаўцаў забойства было завершана. У жніўні 2020 суд прызначыў справу да разгляду. Усе затрыманыя адмаўляюць сваё дачыненне да злачынства і лічаць пераслед палітычным.

Верагодныя заказчыкі забойства названыя не былі. Расследаванне ў дачыненні да іх выдзелена ў іншую справу і працягваецца.

Чытайце таксама:

Ён быў першым з беларускіх журналістаў, які стаў персанальным ворагам рэжыму. Сем гадоў з забойства Паўла Шарамета

У межах расcледавання «беларускага следу» ў забойстве Паўла Шарамета фігуруюць два сведкі

Шарамет, Сіўчык, Чыгір… Як склаліся лёсы палітзняволеных 1990-х

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
11