Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі ў Мінску 30 снежня начальнік упраўлення тарыфнага рэгулявання і мытных плацяжоў Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Полудзень.

Паводле яго слоў, сур’ёзнае павышэнне ставак мытных пошлін закране аўтамабілі з тэрмінам эксплуатацыі больш як пяць гадоў. Памер мытнай стаўкі будзе залежаць ад аб’ёму рухавіка, ад вартаснага паказчыка. «Па некаторых аўтамабілях стаўкі будуць павялічаны ў 7 разоў, па некаторых — у 10 разоў», — сказаў Полудзень.

Стаўкі на аўтамабілі з тэрмінам эксплуатацыі да пяці гадоў павысяцца нязначна.

Для фізічных асоб у межах Мытнага саюза новыя правілы ўвозу аўтамабіляў пакуль не вызначаны. Начальнік прававога ўпраўлення ДМК Аляксандр Адзярэйка нагадаў, што правілы ўвозу тавараў для фізічных асоб будуць выпрацоўвацца да 1 ліпеня 2010 года. Гэта азначае, што фізічныя асобы да гэтага часу змогуць ўвозіць на мытную тэрыторыю Беларусі аўтамабілі па старых стаўках.

Разам з тым, як раней заяўлялі беларускія аўтадылеры, розныя стаўкі мытных пошлін для юрыдычных і фізічных асоб могуць прывесці да таго, што на аўтарынку атрымаюць распаўсюджанне ценявыя схемы куплі‑продажу.

Для аўтадылераў павышэнне ставак азначае таксама яшчэ большае падзенне продажу ў наступным годзе і, адпаведна, падзенне выручкі і заработнай платы, для бюджэту — зніжэнне падатковых паступленняў. Летась аўтадылеры прынеслі ў бюджэт прыкладна 50 млн. даляраў.

Апрача таго, валюту з краіны актыўна пачнуць вывозіць аўтааматары ў пошуках больш танных аўтамабіляў у Літве або Польшчы.

Аўтадылеры ўжо адрэагавалі на падрыхтаваныя змены.

У снежні ў параўнанні з лістападам значна ўзраслі аб’ёмы ўвозу імпартных аўтамабіляў. «Так, мы назіраем некаторы рост увозу аўтамабіляў», — пацвердзіў на прэс‑канферэнцыі начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Мікалай Бурш. У сувязі з гэтым старшыня ДМК падпісаў загад аб дзяжурным рэжыме працы ўсіх пунктаў мытнага афармлення.

«Хто планаваў увезці да новага года аўтамабілі паводле старых правілаў, той увязе. Для гэтага Дзяржаўны мытны камітэт робіць усе неабходныя захады», — падкрэсліў Бурш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?