Фота: Andrey Rudakov Bloomberg via Getty Images

 Фота: Andrey Rudakov Bloomberg via Getty Images

Падатковы вылік для выпускнікоў па размеркаванні

Выпускнікі ВНУ, ССНУ і прафтэхвучылішчаў, якія будуць размеркаваны на сваё першае месца працы ў 2024 годзе, стануць атрымліваць плюс 80 з лішнім рублёў да кожнага штомесячнага заробку. А ўсё таму, што да гэтых маладых спецыялістаў з 2024 года ў Беларусі ўпершыню будзе прыменены дадатковы падатковы вылік. Гэтая льгота будзе дзейнічаць увесь час адпрацоўкі, яна распаўсюдзіцца і на кантракт, які будзе заключаны ў далейшым, і ў выніку можа расцягнуцца на 7 гадоў. 

Падатковыя вылікі для семʼяў з дзецьмі, інвалідаў, ліквідатараў

З 1 студзеня 2024 г. менш падаткаў заплацяць семʼі з дзецьмі. Падатковы вылік на дзіця да 18 гадоў і кожнага ўтрыманца ўзняты з 46 рублёў да 51 рубля. 

Удаве або ўдаўцу, самотнаму бацьку, прыёмнаму бацьку, апекуну або папячыцелю стандартны падатковы вылік даецца ў памеры 97 рублёў на месяц (у параўнанні з 2023 годам павялічаны на 10 рублёў). 

Падатковы вылік у памеры 246 беларускіх рублёў (раней было 220 рублёў) даецца, напрыклад, некаторым катэгорыям ліквідатараў-чарнобыльцаў, інвалідам I і II груп. 

Зямельны падатак для пенсіянераў, падатак на адзіную кватэру для пенсіянераў

У 2024 годзе будуць праіндэксаваны, як, зрэшты, кожны год на прагнозны параметр інфляцыі, падаткі ў Беларусі, у прыватнасці зямельны падатак вырасце на 7,5 працэнта. Але не ўсе жыхары Беларусі выплачваюць зямельны падатак, а таксама падатак на нерухомую маёмасць: у многіх ёсць ільготы. Так, напрыклад, пенсіянеры па ўзросце не плацяць зямельнага падатку на ўчастак, дзе пабудаваны жылы дом. І гэта льгота не залежыць ад таго, колькі працаздольных сямейнікаў пенсіянера прапісаны разам з ім у гэтым доме. 

Пенсіянеры вызвалены ад выплаты зямельнага падатку адносна дачных участкаў, яны не плацяць падатку на нерухомасць адносна адной кватэры, садовага доміка, гаража або машына-месца. А вось падаткі на камерцыйную нерухомасць, напрыклад, офіс або склад, пенсіянер па ўзросце плаціць будзе ў абавязковым парадку. 

Нагадаем, раней, да 2022 года, ільгота па выплаце падатку на нерухомасць была ва ўсіх беларусаў — уласнікаў адной кватэры, потым яе адмянілі. 

Але гэта льгота на адзіную кватэру ўсё ж засталася не толькі ў пенсіянераў па ўзросце, але і ў людзей, прызнаных недзеяздольнымі, салдат тэрміновай службы, інвалідаў І і II групы, непаўналетніх, шматдзетных сямейнікаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Яны гэтага падатку не аплачваюць. 

Транспартны падатак для інвалідаў, пенсіянераў

Стаўка транспартнага падатку памяншаецца напалову, калі аўтамабіль зарэгістраваны на ветэрана вайны, інваліда I ці II групы, пенсіянера па ўзросце. Стаўка гэтага падатку змяншаецца на 25 працэнтаў для інвалідаў III групы. 

Але гэтая льгота даецца толькі пры наяўнасці сапраўднага пасведчання кіроўцы адпаведнай катэгорыі.

Чытайце таксама:

Істотна змянілася сума падарунка, што не будзе абкладацца падаткам

Знізілі максімальныя гандлёвыя надбаўкі на дзіцячыя тавары

У Беларусі ўвялі адзіны маёмасны плацеж

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1