Захар Прылепін. Фота: Радыё Свабода

Захар Прылепін. Фота: Радыё Свабода

Адыёзны расійскі пісьменнік Захар Прылепін, выступаючы на пасяджэнні адной са сваіх ваенна-палітычных структур, сказаў, што перыядычныя канфлікты ў Расіі з мігрантамі можна вырашыць шляхам далучэння новых тэрыторый — у прыватнасці ўзбекскіх, паведамляе «Радыё Свабода — Узбекістан».

«Шчыра стаю на тым, каб вось гэтыя тэрыторыі, адкуль да нас едуць гастарбайтары, каб іх далучаць і ўжо на месцы навучаць людзей расійскай мове. Каб не тут іх вучыць, а там, дапусцім, ва Узбекістане», — сказаў Прылепін.

МЗС Узбекістана ў адказ выклікаў расійскага пасла Алега Мальгінава. У ходзе сустрэчы Мальгінаву ў «прынцыповай форме было даведзена, што такія неабдуманыя заявы носяць загадзя правакацыйны характар і могуць негатыўна адбіцца на гістарычна дружалюбных адносінах» паміж Узбекістанам і Расіяй.

Паводле таго ж паведамлення, Мальгінаў на сустрэчы адзначыў, што «суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльная цэласнасць Рэспублікі Узбекістан ніколі не падвяргаліся сумневу ў Расіі».

У расійскім МЗС заявілі, што выказванні Прылепіна «не маюць нічога агульнага з афіцыйнай пазіцыяй расійскага кіраўніцтва».

Акрамя таго, Прылепін заявіў, што пасля меркаванай перамогі ў вайне з Украінай ніхто не зможа забараніць Расіі «зрабіць што-небудзь карыснае на еўразійскай тэрыторыі», у тым ліку заявіць прэтэнзіі на тэрыторыі былога СССР.

«Я не жартую. Мы будзем падымаць тэму дэзавуявання распаду Савецкага Саюза, што дазволіць нам у любы момант сказаць: «так як два мільёны нашых грамадзян знаходзяцца на вашай тэрыторыі, мы прэтэндуем на яе», — растлумачыў Прылепін.

***

6 мая аўтамабіль, у якім ехаў Захар Прылепін, узарвалі ў Ніжагародскай вобласці. У пісьменніка былі зламаныя дзве нагі, і ён нейкі час правёў у бальніцы.

У жніўні Захар Прылепін атрымаў пасаду намесніка камандзіра палка Расгвардыі «Аплот». Паводле яго, найбліжэйшым часам полк атрымае цяжкае ўзбраенне. «Пастаўленыя перад намі кіраўніцтвам Расгвардыі і прэзідэнтам Расіі задачы будуць выкананыя», — рэзюмаваў палітычны дзеяч, не ўдакладніўшы, што гэта за задачы. Полк «Аплот» будзе дыслакавацца на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны.

Чытайце таксама:

Захару Прылепіну прысвоілі званне падпалкоўніка Расгвардыі

Узарвалі аўтамабіль з Захарам Прылепіным

«Я быў за стырном. Зламаныя абедзве нагі». Прылепін напісаў пра свой стан пасля падрыву аўто

Клас
4
Панылы сорам
9
Ха-ха
8
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
17