Neanderthal man reconstruction Реконструкция неандертальца Рэканструкцыя неандэртальца

Рэканструкцыя неандэртальца, Музей натуральнай гісторыі, Лондан. Фота: Wikimedia Commons

Нягледзячы на тое, што большая частка генаў, атрыманых сучасным чалавекам у выніку даўняга скрыжавання з неандэртальцамі, у ходзе эвалюцыі была страчана, некаторая з іх засталася. Гэтыя гены дапамаглі раннім Homo Sapiens адаптавацца да новага асяроддзя падчас перамяшчэння з Афрыкі ў Еўразію.

Хваля міграцыі адбылася каля 70 тысяч гадоў таму. І на новых прасторах з больш халодным кліматам мігранты з Афрыкі сутыкнуліся з неандэртальцамі, якія засялялі прасторы Еўразіі сотні тысяч гадоў.

Вынікі скрыжавання дзвюх галін нагадваюць пра сябе чатырма працэнтамі ДНК неандэртальцаў, што прысутнічаюць у арганізме сучаснага чалавека. Яны звязаныя з пігментацыяй скуры, валасамі, тлушчам і імунітэтам.

Як піша The Gardian, эпідэміёлаг з Каліфарнійскага ўніверсітэта Джон Капра (John Capra) разам з калегамі прааналізаваў ДНК сучасных людзей і неандэртальцаў і высветліў, што ў біялагічным гадзінніку (ці цыркадных рытмах) як неандэртальцаў, так і сучаснага чалавека ўдзельнічаюць розныя варыянты генаў. Але вучоныя зрабілі дапушчэнне, што ў некаторых з сучасных людзей захаваўся менавіта неандэртальскі варыянт.

Для таго, каб праверыць сваю гіпотэзу, даследчыкі звярнуліся да брытанскага біябанка, які захоўвае інфармацыю пра генетыку, здароўе і лад жыцця паўмільёна чалавек.

У выніку высветлілася, што сапраўды, у многіх сучаснікаў прысутнічаюць такія гены. Мала таго, гэтыя гены ўвесь час былі звязаныя з раннім абуджэннем людзей, якія іх маюць. Пра гэта адкрыццё вучоныя пішуць у часопісе Genome Biology and Evolution.

Толькі не варта лічыць, што менавіта гены неандэртальцаў адыгрываюць вырашальную ролю ў звычцы ранняга прабуджэння, звяртаюць увагу даследчыкі. На гэта ўплывае шэраг экалагічных і культурных фактараў.

Па словах Капры, наяўнасць генаў неандэртальца, што вызначаюць біялагічны гадзіннік, дазваляе лепш адаптавацца да сезонных змен працягласці светлавога дня:

«У больш высокіх шыротах карысна мець больш гнуткі гадзіннік, які здольны лепш мяняцца ў адпаведнасці з сезоннымі зменамі працягласці светлавога дня».

Як тлумачыць прафесар Марк Маслін (Mark Maslin) з Універсітэцкага каледжа Лондана, адкрыццё вучоных — доказ таго, што некаторыя людзі сапраўды з'яўляюцца жаўранкамі. Для саміх жа неандэртальцаў ранні падʼём ва ўмовах кароткага зімняга дня быў жыццёва неабходны для паспяховага пошуку харчавання. З такога пункту гледжання становіцца больш зразумелай пагаворка: «Хто рана ўстае, таму Бог дае».

Чытайце яшчэ:

Вучоныя: сучасныя людзі атрымалі вялікія насы ў спадчыну ад неандэртальцаў

Неандэртальцы елі адзін аднаго. Але не ад голаду

Археолагі знайшлі сведчанне кантактаў Homo sapiens з неандэртальцамі

Клас
9
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
0